З найважнейшых краінаў сьвету літоўцы маюць найлепшае меркаваньне пра Нямеччыну, найгоршае — пра Расею. Пра гэта сьведчыць найноўшае апытаньне Эўрабаромэтру, паведамляе BNS.
Падчас дасьледаваньня задавалася пытаньне, як жыхары Літвы ацэньваюць сем краінаў — станоўча або адмоўна.
Нямеччыну станоўча ацаніў 91 працэнт літоўцаў, адмоўнае меркаваньне мелі 6 працэнтаў. Францыя набрала 86 працэнтаў станоўчых ацэнак, Вялікабрытанія — 80 працэнтаў, Японія — 79 працэнтаў.
Злучаныя Штаты Амэрыкі падчас дасьледаваньня станоўча ацанілі 74 працэнты літоўцаў, адмоўна — 21 працэнт.
Пра Кітай добрае меркаваньне мелі 50 працэнтаў рэспандэнтаў, адмоўнае — 39 працэнтаў.
Расея набрала ў Літве 42 працэнты станоўчых і 54 працэнты адмоўных ацэнак.
Ад 24 кастрычніка — да 7 лістапада ва ўсіх краінах ЭЗ было апытана больш за 27 тысяч жыхароў старэйшых за 15 гадоў. У Літве апытаньне праводзіла агенцтва TNS LT, было апытана 1000 жыхароў краіны.