Затрыманы верагодны заказчык нападу на рэдакцыю Charlie Hebdo

У выніку нападу на рэдакцыю Charlie Hebdo ў 2015 годзе загінулі 12 чалавек

У Джыбуці затрыманы Пэтэр Шэрыф, якога падазраюць у арганізацыі ў 2015 годзе нападу на рэдакцыю часопісу Charlie Hebdo ў Парыжы, у выніку якога былі забітыя 12 чалавек.

Пачаты працэс экстрадыцыі падазраванага ў Францыю.

Шэрыфа, які таксама вядомы пад псэўданімам Абу Хамза, спрабавалі затрымаць з 2011 году. Праваахоўныя органы Францыі сьцьвярджаюць, што ён ад канца 1990-х гадоў быў блізкім сябрам братоў Куашы, якія ў студзені 2015 году ўчынілі тэракт у рэдакцыі.

Дата магчымай экстрадыцыі Пэтэра Шэрыфа пакуль не называецца.

Паводле дадзеных францускіх праваахоўных органаў, Шэрыф займаў высокую пазыцыю ў герархіі экстрэмісцкай групоўкі «Аль-Каіда». З 2011 году ён арганізоўваў прыезд францускіх ісламістаў у Емэн, дзе іх рыхтавалі да ўзброеных нападаў у Эўропе. Сярод апошніх былі браты Саід і Шэрыф Куашы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Францыі Макрон усклаў вянок ля офісу сатырычнага часопісу Charlie Hebdo

Тэрарыстычныя атакі 2015 году ў Парыжы пачаліся 7 студзеня, калі ўзброеныя злачынцы забілі 12 чалавек у офісе сатырычнага часопісау Charlie Hebdo. Праз два дні пасьля гэтага тэракту ўзброены баявік групоўкі «Ісламская дзяржава» захапіў закладнікаў у краме кашэрных прадуктаў на ўсходзе Парыжу, тады загінулі 4 чалавекі.