Дзень нараджэньня Сьцяпана Бандэры абвешчаны ва Ўкраіне памятнай датай. У 2019 годзе 110-годзьдзе Бандэры будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні, вынікае з пастановы аб сьвяткаваньні памятных дат і юбілеяў, якую прыняла ў сераду Вярхоўная Рада.
За пастанову прагаласавалі 232 народных дэпутата з 333 зарэгістраваных у зале пасяджэньняў. Сьцяпан Бандэра — украінскі палітычны дзеяч, адзін з ідэолягаў і тэарэтыкаў украінскага нацыяналістычнага руху XX стагодзьдзя. У 1959 годзе ён быў забіты ў Мюнхэне агентам КДБ Багданам Сташынскім. Пункту гледжаньня на асобу Бандэры вельмі палярныя. Ён быў адным з лідэраў Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брэжнеў апярэдзіў Бандэру. Украінцы вызначыліся са сваімі герояміВа Ўкраіне, у тым ліку ў Кіеве, апошнія некалькі гадоў штогод праводзяцца шэсьці ў дзень нараджэньня Сьцяпана Бандэры 1 студзеня.
Польшча, Расея і Ізраіль крытыкуюць украінскае кіраўніцтва за гераізацыю Бандэры. Яго абвінавачваюць у дачыненьні да этнічных чыстак на захадзе Ўкраіны.
Таксама ў 2019 годзе будзе адзначацца 1000-годзьдзе з пачатку праўленьня Вялікага князя Кіеўскага Яраслава Мудрага, 400 гадоў з часу выхаду «Граматыкі» Мялеція Сматрыцкага. 9 лістапада ва Украіне будуць адзначаць 30 гадоў ад моманту падзеньня камуністычных рэжымаў у краінах Цэнтральнай і Усходняй Эўропы.