Эўрапейскі зьвяз лічыць, што Беларусі неабходна правесьці ўсёабдымную рэформу выбарчага заканадаўства перад прэзыдэнцкімі і парлямэнцкімі выбарамі ў 2020 годзе.
Пра гэта паведамляе прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі па выніках шостай сустрэчы каардынацыйнай групы ЭЗ і Беларусі, якая прайшла ў Брусэлі.
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі «наступныя крокі да завяршэньня перамоў наконт прыярытэтаў партнэрства ЭЗ і Беларусі». Іх выкананьне будзе азначаць «новы этап узаемадзеяньня паміж ЭЗ і Беларусьсю».
Што да рэформы выбарчага заканадаўства, то ЭЗ чакае, што Беларусь улічыць рэкамэндацыі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека, а таксама Вэнэцыянскай камісіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цяжкія гады прайшлі». Дэпутат бундэстагу Дзірк Візэ пра супрацоўніцтва ЭЗ і Беларусі«Пытаньні правоў чалавека і дэмакратыі былі важнай часткай дыскусій», — гаворыцца ў паведамленьні прадстаўніцтва Эўразьвязу.
ЭЗ чакае, што Беларусь «цалкам рэалізуе свой Нацыянальны плян па правах чалавека і палепшыць сытуацыю ў галіне свабоды СМІ і сходаў».
«Эўразьвяз нагадаў аб сваім непрыманьні сьмяротнага пакараньня пры любых абставінах і падкрэсьліў перавагі ўвядзеньня мараторыя ў якасьці першага кроку для яго адмены».
ЭЗ таксама паставіў на абмеркаваньне некаторыя канкрэтныя выпадкі, зьвязаныя з забесьпячэньнем правоў чалавека.
Наступная сустрэча каардынацыйнай групы плянуецца ў першай палове 2019 года ў Менску.