У Кангрэсе выступілі з пагрозай імпічмэнту прэзыдэнта Трампа

Кангрэсмэн Джэральд Надлер

Адзін з ключавых амэрыканскіх заканадаўцаў Джэральд Надлер заявіў 9 сьнежня, што дэмакраты ў Палаце прадстаўнікоў могуць паставіць пытаньне аб правядзеньні слуханьняў аб імпічмэнце прэзыдэнта Дональда Трампа, паведамляе «Голас Амэрыкі».

На думку кангрэсмэна, Трамп «атачыў сябе жулікамі» і быў часткай шырокай «змовы супраць амэрыканскага народа» з мэтай перамагчы на выбарах у 2016 годзе. У той жа час дэмакрат Надлер заявіў CNN, што заканадаўцы павінны вырашыць, «наколькі важныя» абвінавачваньні супраць Трампа, і абвінавачваньні з мэтай імпічмэнту павінны вылучацца «толькі ў выпадку сур’ёзных правапарушэньняў».

Ён зрабіў гэту заяву пасьля таго, як фэдэральныя пракуроры абвінавацілі былога адваката Трампа Майкла Коўэна ў выплаце 280 тысяч даляраў дзьвюм жанчынам, якія сьцьвярджалі, што былі ў любоўнай сувязі з Трампам, у абмен на іх маўчаньне перад выбарамі. Пры гэтым пракуроры заявілі, што выплаты рабіліся ў каардынацыі c Трампам і паводле яго ўказаньня.

Трамп адхіліў новыя абвінавачваньні супраць яго ў сувязі з выплатамі акторцы фільмаў для дарослых Стормі Дэніелс і мадэлі часопіса Playboy Карэн Макдугал, а таксама абвінавачваньні ў кантактах ягонага перадвыбарчага штабу з Расеяй.

На думку Надлера, калі гэтыя сьцьвярджэньні ў дачыненьні да прэзыдэнта ЗША апынуцца праўдай, яны, «безумоўна, могуць стаць падставамі для імпічмэнту». Гэта можа прывесьці да адхіленьня Трампа ад пасады, калі Сэнат прызнае яго вінаватым двума трацінамі галасоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп выказаў надзею на строгі прысуд свайму былому адвакату

Надлер заявіў, што заканадаўцам трэба будзе «вывучыць усё гэта» з улікам высноваў спэцпракурора Робэрта Мюлера, які займаецца расьсьледаваньнем магчымай змовы Трампа і ягонага штабу з Расеяй перад выбарамі, што магло паспрыяць ягонай перамозе.

Былому адвакату Трампа Коўэну пагражае некалькі гадоў турмы, апроч яго Мюлеру ўдалося дамагчыся прызнаньняў віны або абвінаваўчых прысудаў у дачыненьні да першага дарадцы Трампа па нацыянальнай бясьпецы, былога мэнэджара ягонага перадвыбарчага штабу, былога намесьніка кіраўніка перадвыбарчага штабу, зьнешнепалітычнага дарадцы і іншых, менш прыкметных фігураў.

Трамп ня раз заклікаў спыніць расьсьледаваньне Мюлера. У нядзелю ён абрынуўся з крытыкай на былога дырэктара ФБР Джэймса Комі, які ўзначальваў «расейскае» расьсьледаваньне да Мюлера і быў звольнены прэзыдэнтам. У 7 сьнежня Комі даў паказаньні ў Палаце прадстаўнікоў аб яго ролі ў зьвязаных з выбарамі расьсьледаваньнях дзейнасьці штабоў Трампа і ягонай суперніцы Гілары Клінтан.

«Арганізатар уцечак Джэймс Комі, напэўна, паставіў рэкорд па колькасьці хлусьні Кангрэсу за адзін дзень. Яго паказаньні ў пятніцу былі настолькі ілжывымі! Уся гэтая гісторыя — падстроенае махлярства, якім кіруюць несумленныя людзі, якія былі гатовыя зрабіць усё, каб я ня стаў прэзыдэнтам. Цяпер іх выкрылі!» — напісаў Трамп у Твітэры пра выступ Комі ў Палаце прадстаўнікоў.

Міністэрства юстыцыі кіруецца прынцыпам, паводле якога супраць дзейнага прэзыдэнта абвінавачваньні не высоўваюцца, але яны могуць быць прад’яўленыя пасьля таго, як кіраўнік дзяржавы пакіне гэты пост. Аднак, на думку Надлера, «Канстытуцыя не забараняе вылучаць абвінавачваньні супраць прэзыдэнта». «Ніхто не павінен быць вышэй за закон», — заявіў ён.