У Армэніі праходзяць датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Фаварыт — блёк Пашыньяна

Нікол Пашыньян

Галасаваньне праводзіцца на ініцыятыву выканаўцы абавязкаў прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна, які прыйшоў да ўлады сёлета на хвалі масавых вулічных пратэстаў.

Як паведамляе Армянская службы Радыё Свабода, у выбарах удзельнічаюць 11 палітычных структур: 9 партый і 2 блёкі, у тым ліку былая кіроўная Рэспубліканская партыя Армэніі і блёк Нікола Пашыньяна «Мой крок».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Армэніі тысячы дэманстрантаў блякуюць парлямэнт. Пашыньян ізноў надзеў кепку. УЖЫВУЮ

Для таго каб прайсьці ў парлямэнт, партыям неабходна пераадолець 5-працэнтны бар’ер, а блёкам — 7-працэнтны.

За ходам галасаваньня сочаць каля 250 міжнародных назіральнікаў.

Яўка выбаршчыкаў да 11 гадзін мясцовага часу склала каля 8 працэнтаў. Нікол Пашыньян заклікаў усіх ісьці на ўчасткі, нягледзячы на дрэннае надвор’е — сёньня ў Армэніі дождж і сьнегапад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія пасьля рэвалюцыі: Прэзыдэнт падаў у адстаўку, і людзі пачалі менш яго ненавідзець

Паводле перадвыбарчых апытаньняў, блёк Пашыньяна зьяўляецца безумоўным фаварытам выбараў. На нядаўніх выбарах у муніцыпалітэт Ерэвану прыхільнікі прэм’ер-міністра атрымалі больш за 80 працэнтаў галасоў.