Прэс-сакратар выканаўцы абавязкаў прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна абверг заяву Лукашэнкі аб тым, што праблема з прызначэньнем новага генсакратара Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) вырашаная, паведамляе БелаПАН.
«Як вядома, пасяджэньня АДКБ не было. Пазыцыя Армэніі ў гэтым пытаньні ня зьведала ніякіх зьменаў», — сказаў прэс-сакратар Пашыньяна Арман Егаян.
6 сьнежня пасьля завяршэньня Вышэйшага эўразійскага савета ў Санкт-Пецярбургу прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў журналістам, што праблема з прызначэньнем новага генэральнага сакратара АДКБ вырашаная — ім будзе прадстаўнік Беларусі.
Заплянаваны ў Санкт-Пецярбургу 6 сьнежня саміт АДКБ быў адменены па просьбе Армэніі. На сустрэчы меркавалася прызначыць новага генэральнага сакратара АДКБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарадца Пашыньяна: Да канца году новы генэральны сакратар АДКБ абраны ня будзеПасьля рэвалюцыі ў Армэніі новы лідэр краіны Нікол Пашыньян адклікаў Юрыя Хачатурава, грамадзяніна Армэніі, з пасады генэральнага сакратара АДКБ і выказаў намер прызначыць на гэтую пасаду іншага прадстаўніка Армэніі. Гэтаму запярэчылі кіраўнікі Беларусі і Казахстану Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў. На іх думку, калі Ерэван адклікае свайго прадстаўніка з пасады генсакратара АДКБ, то гэтая пасада павінная перайсьці да краіны, якая па расейскім альфабэце ідзе за Армэніяй, гэта значыць, да Беларусі.
3 сьнежня выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Армэніі Нікол Пашыньян паведаміў, што пытаньне аб прызначэньні новага генсакратара АДКБ ня будзе абмяркоўвацца на саміце. «У нас такая сытуацыя, што няма кансэнсусу ў гэтым пытаньні», — сказаў ён.
Пашыньян у Санкт-Пецярбургу таксама меў намер запатрабаваць тлумачэньняў ад Лукашэнкі ў сувязі з тым, што ён падчас размовы з амбасадарам Азэрбайджану (краіны, якая не ўваходзіць у АДКБ) публічна распавёў пра дэталі спрэчкі аб прызначэньні новага генсакратара арганізацыі. Гэта выклікала рэзкую рэакцыю кіраўніка Армэніі. У адказ МЗС Беларусі назваў заяву Пашыньяна «вулічнай дэмакратыяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашыньян пра дачыненьні зь Беларусьсю: ранейшых адносінаў з Армэніяй больш ня будзе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Беларусь сябруе з Азэрбайджанам і канфліктуе з Армэніяй