У Жодзіне асудзілі за хабар намесьніка гендырэктара БелАЗу і яшчэ 6 чалавек

Ілюстрацыйнае фота, холдынг «БелАЗ»

3-га сьнежня суд г. Жодзіна вынес прысуд у справе аб хабары падчас закупак мэталу для патрэбаў холдынгу «БелАЗ», паведамляе прэс-служба суду.

Суд прызнаў намесьніка гендырэктара БелАЗу Андрэя Дароніна вінаватым у атрыманьні хабару (ч. 3 арт. 430 КК з ужываньнем ч.1 арт. 69 КК) і прысудзіў 7,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Начальнік бюро ліставога мэталу і вядучы эканаміст у матэрыяльна-тэхнічным забесьпячэньні бюро асуджаныя за атрыманьне хабару на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Суд таксама пастанавіў спагнаць зь іх у даход дзяржавы 777 і 9320 рублёў «неабгрунтаванага ўзбагачэньня» адпаведна.

За даваньне хабару асуджаныя:

  • дырэктар у тэхнічных пытаньнях СТАА «ЗІКО-Зорка Групп» — на 5 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову,
  • дырэктар ТАА «Новастыль» — на 3 гады абмежаваньня волі, таксама без накіраваньня;
  • двое індывідуальных прадпрымальнікаў аштрафаваныя на 750 базавых велічыняў кожны.

Прысуд яшчэ не набыў моцы і можа быць абскарджаны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За хабар затрыманы намесьнік гендырэктара БелАЗу і яшчэ пяцёра

4 ліпеня ў Менску пры атрыманьні хабару ў 1200 даляраў затрыманы намесьнік гендырэктара БелАЗу Андрэй Даронін. Акрамя яго, затрымалі яшчэ пяцёх чалавек: начальнік бюро і эканаміст БелАЗу, якія бралі хабар, і тры прадстаўнікі камэрцыйнай структуры, якія давалі хабар за станоўчае вырашэньне пытаньня аб падпісаньні дамоваў на пастаўку мэталу.

Паводле праваахоўнікаў, незаконная схема дзейнічала з восені 2016 году. Мэтал для патрэб БелАЗа закупляўся па цэнах, якія перавышаюць рынкавыя. За гэта прадстаўнікі прадпрыемства сыстэматычна атрымлівалі хабар, памер якога складаў пэўны адсотак ад сумы пагадненьня.