Прэзыдэнт Нігерыі Махамаду Бухары паспрабаваў разьвеяць чуткі пра тое, што ён нібыта памёр і яго замяніў двайнік.
У сацсетках раней выказваліся здагадкі, што замест сапраўднага прэзыдэнта перад публікай зьяўляецца нейкі суданец па імені Джубрыл. Пра гэта паведамляе Бі-бі-сі.
75-гадовы Бухара мае намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах у лютым 2019 году, аднак з 2015 году ён мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. У 2017 годзе ён на тры месяцы зьехаў у Брытанію на лячэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пажартаваў пра сваё пахаваньне і «двайніка». ВІДЭАВыступаючы днямі на кліматычнай канфэрэнцыі ААН у Польшчы, нігерыйскі лідэр назваў плёткі пра сваё здароўе «дэгенэратыўнымі і бязбожнымі».
«Многія спадзяваліся, што я памёр падчас хваробы. Некаторыя нават зьвярталіся да віцэ-прэзыдэнта з просьбай прызначыць мне намесьніка, мяркуючы, што я памёр. Гэта, вядома ж, вельмі зьбянтэжыла яго. Ён прыяжджаў да мяне ў Лёндан, калі я папраўляўся. Гэта на самой справе я, запэўніваю вас» — сказаў Бухары.
Былы віцэ-прэзыдэнт Нігерыі — 72-гадовы Атыку Абубакар — лічыцца галоўным супернікам Бухары на маючых адбыцца выбарах.
Паводле інфармацыі агенцтва Франс-прэс, чуткі пра пагаршэньне здароўя палітыка пачалі цыркуляваць у Фэйсбуку, Твітэры і іншых сацсетках ў канцы мінулага году, і пасты з такім зьместам набралі больш за 500 тысяч праглядаў.
Агенцтва адзначае, што сярод тых, хто распускае гэтыя чуткі, быў былы прэзыдэнт краіны Гудлак Джонатан, а таксама лідэр сэпаратысцкай групоўкі «Карэнныя народы Біяфры» Намдзі Кану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Інсульт», які перанесла ўсё грамадзтваВВС адзначае, што насуперак чаканьням дарадцаў прэзыдэнта, яго заява аб тым, што ён не зьяўляецца клонам, можа толькі ўзмацніць цікавасьць да яго здароўя ў той час, як ён рыхтуецца да цяжкой выбарчай кампаніі.