Кіраўнік штабу Балтыйскага флёту РФ, віцэ-адмірал Ігар Мухаметшын, заклікаў вайскоўцаў, а таксама іх жонак і сваякоў, прыняць удзел у інтэрнэт-галасаваньні па выбары новай назвы аэрапорту ў Калінінградзе, выступіўшы супраць імя нямецкага філёзафа Імануіла Канта. Ён папрасіў «прыняць гэта як ня толькі асабістую просьбу», а як «зварот вайсковага савету флёту і кіраўніцтва».
Відэа, на якім віцэ-адмірал Мухаметшын выступае перад шыхтам маракоў, было зробленае да заканчэньня дня галасаваньня, гэта значыць, да 1 сьнежня, але па сетках разышлося толькі цяпер. Хто зрабіў відэазапіс — невядома.
Выступаючы перад вайскоўцамі, Мухаметшын назваў нямецкага філёзафа «даволі вядомым нейкім там Імануілам Кантам», «здраднікам радзімы, які станавіўся на калені і поўзаў на каленях, каб яму далі катэдру ва ўнівэрсітэце», а таксама даў ацэнку яго філязофскім працам, заявіўшы, што Кант «пісаў нейкія незразумелыя кнігі», якія ніхто з маракоў «не чытаў і ніколі чытаць ня будзе».
Пачынальнік нямецкай клясычнай філязофіі Імануіл Кант нарадзіўся і памёр у Кёнігсбэргу, цяперашнім Калінінградзе, калі горад быў у складзе Прусіі. Падчас Сямігадовай вайны (1756–1763) Кант прыняў расейскае падданства.
Імя Імануіла Канта зь вялікім адрывам лідэравала інтэрнэт-галасаваньні за перайменаваньне калінінградзкага аэрапорту «Храброво» у рамках конкурсу назваў для расейскіх аэрапортаў «Вялікія імёны Расеі». Аднак пасьля грамадзкага рэзанансу і ўмяшаньня чыноўнікаў на першае месца выйшла імпэратрыца Лізавета Пятроўна, апэрадзіўшы Канта на 10 тысяч галасоў.