Ліквідаваны адзін зь лідэраў «Ісламскай дзяржавы»

Амэрыканскі ваенны самалёт F-15 у небе над Іракам

У Сырыі адзін зь лідэраў групоўкі «Ісламская дзяржава» Абу аль-Умарайн быў забіты кропкавым авіяўдарам кааліцыі пад кіраўніцтвам ЗША, паведамляе Reuters са спасылкай на прадстаўніка адміністрацыі Трампа.

Па словах чыноўніка, аль-Умарайн зьяўляецца адказным за забойства закладнікаў, сярод іх — амэрыканца Пітэра Касіга, які працаваў у службе выратаваньня. Ён быў захоплены і пакараны баявікамі ў 2014 годзе.

Увечары 2 сьнежня сырыйскія дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі паведамілі таксама пра паветраную атаку ЗША па ўрадавых пазыцыях на ўсходзе Сырыі. Кааліцыя гэтыя паведамленьні не камэнтуе.

За апошнія тры гады групоўка «Ісламская дзяржава» страціла амаль усю кантраляваную тэрыторыю ў Сырыі і Іраку.