Суд пакараў актывістаў Спарыша і Касінерава за вянок «гарадавому»

Вячаслаў Касінераў каля фігуры гарадавога. Скрыншот з жывой трансьляцыі

Актывістаў Сяргея Спарыша і Вячаслава Касінерава, якіх 2 сьнежня міліцыя затрымала пасьля ўскладаньня «вянку іміджу МУС» да скульптуры гарадавога, за парушэньне грамадзкага парадку пакаралі штрафамі.

Суд Маскоўскага раёну Менску аштрафаваў Вячаслава Касінерава і Сяргея Спарыша на 735 рублёў кожнага.

Сяргей Спарыш і Вячаслаў Касінераў у судзе

Адміністратыўны працэс супраць Сяргея Спарыша і Вячаслава Касінерава вяла судзьдзя Тацяна Матыль.

На пачатку працэсу судзьдзя выдаліла Спарыша з залі паседжаньня, пасьля таго як ён паскардзіўся, што ў яго адабралі акуляры і ён ня можа хадзіць без дапамогі. Таму большую частку працэсу ён не прысутнічаў.

Касінераў жа адразу заявіў пра недавер судзьдзі, але потым скарэктаваў сваю заяву — сказаў, што не давярае ўсёй судовай сыстэме Беларусі, але «адводу судзьдзі Матыль не заяўляе», бо ня хоча зацягваць працэс.

Сяргей Спарыш

Судзьдзя зачытала пратакол на Сяргея Спарыша: усклаў вянок з надпісам «Іміджу МУС» да скульптуры гарадавога, чым парушыў грамадзкі парадак. Такі самы пратакол быў складзены і на Вячаслава Касінерава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да фігуры гарадавога ўсклалі пахавальны вянок «Іміджу МУС». Актывістаў затрымалі ВІДЭА

Вячаслаў Касінераў паведаміў суду, што дагэтуль яго нават не знаёмілі з пратаколам і ён ня ведаў, у чым яго абвінавачваюць. Суд даў Касінераву магчымасьць азнаёміцца са справай.

Касінераў абверг зьвесткі з пратаколу, сказаў, што нічога яму не выстаўлялі і не давалі магчымасьці азнаёміцца з тым, што пра яго напісаў у пратаколе міліцыянт Жураўлёў.

Касінераў не прызнаў віны ў хуліганстве, якое яму інкрымінуюць, сказаў, што не зьдзяйсьняў ніякага правапарушэньня.

«Гэта быў пэрформанс з мэтай паказаць, што МУС чарговы раз згубіў свой імідж праваахоўнага ведамства. Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч апранаў форму НКВД, форму карнікаў. Да брыдкай скульптуры гарадавога я нават не дакранаўся, а толькі ўсклаў вянок да ног. Праз цэлы шлейф падзей вакол гэтай скульптуры МУС згубіў добры імідж. Цяпер яны гэты імідж там пахавалі. Гэта маё меркаваньне, якое я выказаў праз ускладаньне вянка», — сказаў суду Касінераў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ахвяры менскага гарадавога. Поўны сьпіс

«Мы бачылі раней, што людзей не прыцягвалі да адказнасьці, калі яны нешта вешалі на гарадавога ці цалавалі яго, таму палічылі, што ўскласьці вянок да яго — не парушэньне. Ніякай непавагі да грамадзтва я не выказваў. Непавага да грамадзтва — гэта запалохваць людзей і прымушаць іх выбачацца перад скульптурай. Вось гэта непавага», — сказаў Вячаслаў Касінераў.

Чатырох астатніх затрыманых вызвалілі, паведаміўшы, што пазьней іх выклічуць у суд пэрсанальнымі позвамі.

2 сьнежня ў Фэйсбуку Касінерава зьявілася відэа, на якім Вячаслаў Касінераў і Сяргей Спарыш пакінулі каля фігуры гарадавога, што ля будынка Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, пахавальны вянок.

Міліцыя затрымала Касінерава і Спарыша, а разам зь імі актывістаў Марыну Насенку, Сяргея Нейдаха, а таксама анархістаў з Расеі — Натальлю і яе сябра. Знаёмым затрыманых у Маскоўскім РУУС паведамілі, што заўтра ў абед адбудзецца суд. Да суду актывісты знаходзіліся ў турме на Акрэсьціна.

Скульптура менскага гарадавога, якую паставілі ў сталіцы толькі год таму, усё часьцей трапляе ў стужкі навін, калі «крыўдзіцеляў» скульптуры жорстка караюць: штраф за накінутую пятлю, суткі за ланцужок, затрыманьне за шалік.​