Вярхоўны суд РФ забараніў катаваць зьняволеных, нават па распараджэньні кіраўніцтва

Ілюстрацыйнае слова

Вярхоўны суд Расеі выдаў праект пастановы пленуму пра некаторыя пытаньні адносна ўтрыманьня зьняволеных у краіне, у тым ліку пра катаваньне вязьняў.

Дакумэнт, які называецца «Аб некаторых пытаньнях, якія ўзьнікаюць у судоў пры разглядзе адміністрацыйных спраў, зьвязаных з парушэньнем умоў утрыманьня асоб, якія знаходзяцца ў месцах прымусовага ўтрыманьня», наўпрост забараняе супрацоўнікам Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў (ФСВП) катаваць вязьняў з ужываньнем «фізычнай сілы, спэцыяльных сродкаў, а таксама мер псыхічнага і фізычнага ўзьдзеяньня з парушэньнем дапушчальных межаў», нават у тых выпадках, калі яны атрымліваюць загад кіраўніцтва гэта рабіць.

20 ліпеня «Новая газета» апублікавала відэа з катаваньнямі ў калёніі № 1 Яраслаўля, на якім зьбівалі зьняволенага Яўгена Макарава. У той самы дзень Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць супрацоўнікаў калёніі, іх абвінавацілі ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Цяпер у справе аб катаваньнях Макарава арыштаваныя 13 чалавек, яшчэ адзін знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Пасьля інцыдэнту ў калёніі ў Яраслаўлі праваабаронцы паведамілі яшчэ аб некалькіх выпадках катаваньняў у расейскіх турмах і калёніях. У адказ Генпракуратура РФ прапанавала абавязаць супрацоўнікаў ФСВП насіць відэарэгістратары, а кіраўніцтва ФСВП паабяцала ўсталяваць у турмах і калёніях відэакамэры, якія «нельга будзе адключыць».

Упаўнаважаная па правах чалавека РФ Тацьцяна Маскалькова паведаміла, што за 10 месяцаў 2018 году ёй паступілі звыш 3 тысяч скаргаў на невыкананьне правоў у крымінальна-выканаўчай сыстэме, у тым ліку зьвязаных з катаваньнямі.