У Крыме на дапамогу арыштаваным украінскім маракам сабралі грошы

У Крыме сабралі каля 140 тысяч рублёў (больш як 2 тысячы даляраў) для дапамогі захопленым ФСБ Расеі ў Керчанскім праліве ўкраінскім вайсковым маракам.

Пра гэта 28 лістапада ў эфіры Радыё Крым.Реалии распавёў актывіст крымскататарскага нацыянальнага руху Нарыман Джэлял.

Нарыман Джэлял

Ён адзначыў, што калі стала вядома пра затрыманьне ўкраінскіх маракоў, высьветлілася, што ім «не далі забраць з караблёў асабістыя рэчы», і многія людзі пачалі казаць пра неабходнасьць дапамагчы затрыманым. Грошы пералічвалі на карту і перадавалі ў рукі, многія прыносілі прадукты харчаваньня, прадметы асабістай гігіены, рэчы.

«Хачу дадаць, каб родныя і іншыя неабыякавыя людзі не перажывалі: у СІЗА Сімфэропалю знаходзяцца шмат несправядліва асуджаных, і яны годна сустрэнуць маракоў. Першыя неабходныя рэчы, мы ведаем, ужо перададзеныя. Яны не застануцца без увагі там, усярэдзіне», — падкрэсьліў Джэлял.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

У аўторак, 27 лістапада, актывісты абвясьцілі аб зборы сродкаў у Крыме для захопленых ФСБ у Керчанскім праліве ўкраінскіх вайсковых маракоў.

Суд у Сімфэропалі ў сераду арыштаваў да 25 студзеня ўсіх затрыманых у Керчанскім праліве ўкраінскіх вайсковых маракоў і супрацоўнікаў СБУ. Арыштаваным украінскім маракам пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Раней Пракуратура Крыму прызнала захопленых ФСБ Расеі ўкраінскіх маракоў ваеннапалоннымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыплямат адказаў, чаму ўкраінскія маракі не стралялі ў расейцаў