Пасеклі сякерай? На горадзенскага гатэльнага магната Сямашку завялі крымінальную справу

Новы апарт-гатэль Станіслава Сямашкі ў Горадні

Вядомага горадзенскага ўласьніка гатэляў Станіслава Сямашку і ягоную жонку Натальлю падазраюць у тым, што яны зьнішчылі дэкор для свайго гатэля, за які не заплацілі вытворцу. Калі сужэнцаў прызнаюць вінаватымі, ім пагражае да дзесяці гадоў калёніі.

Першы беларускі прадпрымальнік супраць маладога майстра

Новы апарт-гатэль, празь які пачаўся канфлікт, знаходзіцца ў цэнтры гораду, насупраць турмы, за некалькі крокаў ад Савецкай плошчы. Будынку болей за 130 гадоў. Першапачаткова там месьцілася габрэйская школа і малітоўны дом. Апошнія гады будынак стаяў закінуты. Сёлета 7 лістапада яго ўрачыста адкрылі пасьля рэканструкцыі.

Адкрыцьцё новага апарт-гатэлю ў Горадні. Станіслаў Сямашка паказвае рэканструкцыю чыноўнікам. Фота Руслана Кулевіча Hrodna.Life

Уласьніку новых апартамэнтаў Станіславу Сямашку 66 гадоў, паходзіць са Шчучына. У Горадні ён перш за ўсё вядомы гатэлем, які месьціцца ля аўтавакзала і называецца ягоным прозьвішчам. Акрамя гатэльнага бізнэсу, мае свае праектную кампанію.

Бізнэсовец называе сябе першым беларускім прадпрымальнікам, бо атрымаў рэгістрацыю пад № 1 адразу пасьля пачатку «перабудовы». У 2009–2012 гадах ён узначальваў праўладны Саюз палякаў у Беларусі.

Станіслаў Сямашка, старшыня праўладнага Саюзу палякаў, прамаўляе адчас адкрыцьця памятнай шыльды на доме Чэслава Немэна ў Васілішках

З другога боку крымінальнай справы — 35-гадовы прадпрымальнік з Фаніпалю Георгі Прыходзька, які зрабіў аздобу для апарт-гатэлю. Ён лічыцца пацярпелым.

Георгі Прыходзька

Выконваў работы безь пісьмовай дамовы

Гісторыя пачалася мінулым летам. Прыходзьку замовілі вырабіць аздабленьне вокнаў і сьценаў для фасадаў новага Сямашкавага гатэлю. Дэкор меўся быць багатым, зь пілястрамі і завітушкамі.

Так, паводле Прыходзькі, меўся выглядаць дэкор для апарт-гатэлю Сямашкі

Георгі расказаў Свабодзе, што на выраб упрыгажэньняў для вокнаў ён дамаўляўся не непасрэдна зь Сямашкам, а з генэральным падраднікам будоўлі — горадзенскай фірмай «Гарадзкое будаўніцтва» («ГарБуд»). Перамовы вёў з намесьнікам дырэктара Вячаславам Радзюкевічам. Дамова была вуснай.

«У „ГарБудзе“ паўгода абяцалі, што падпішуць дамову, але падманулі. Забралі дзьве накладныя, не падпісалі і потым іх зьнішчылі», — адказвае Прыходзька на пытаньне, чаму пагадзіўся працаваць на падставе вуснай дамовы.

Да таго ж, кажа ён, вусныя дамовы практыкуюцца ў сфэры будоўлі.

Вытворца мяркуе, што яго знайшлі ажно ў Фаніпалі, бо дэкор такой складанасьці ў Беларусі мала хто робіць. Матэрыял вырабаў — пенапляст.

Дэкор ацанілі ў 23 тысячы рублёў

Дамовіліся на аб’ём аздабленьня коштам звыш 23 тысяч рублёў.

Рахунак-фактура на дэкор

Сямашка пералічыў на рахунак Прыходзьку аванс амаль 14 тысяч рублёў у жніўні 2017 году. У плацежным даручэньні значылася «аплата за элемэнты архітэктурнага дэкору», які прызначаўся для рэканструкцыі гатэлю на Калючынскай вуліцы, 23 у Горадні. Гэта і ёсьць той самы апарт-гатэль.

Гатэль месьціцца ў самым цэнтры гораду, за некалькі крокаў ад Савецкай плошчы

Ужо ў верасьні 2017 году гатовы дэкор даставілі ў Горадню.

Аднак заключаць пісьмовую дамову з вытворцам ніхто не сьпяшаўся, як і плаціць рэшту грошай. Больш за тое, ужо празь месяц, у кастрычніку 2017 году, Сямашка зьвярнуўся ў эканамічны суд Менскай вобласьці з позвай, каб Прыходзька вярнуў яму выплачаны раней аванс.

Сямашка праз суд вярнуў сабе аванс

Уласьнік гатэля патлумачыў у заяве, што нібыта памылкова пералічыў грошы прадпрымальніку. Ён адзначыў, што Прыходзька не ўзгадніў зь ім шэраг умоваў (краіну вырабу тавару, матэрыял, памеры, выгляд элемэнтаў). Паколькі прадпрымальнік доўга не вырашаў гэтыя пытаньні, Сямашка адмовіўся заключаць зь ім дамову.

Так бізнэсовец праз суд вярнуў сабе выплачаныя раней амаль 14 тысяч рублёў і адсотак у 500 рублёў за тое, што іпэшнік незаконна карыстаўся пэўны час ягонымі грашыма.

Прыходзька мае шматдзетную сям’ю, таму папрасіў суд дазволу выплачваць у растэрміноўку, аднак ягонай просьбы не задаволілі.

Кавалкі дэкору знайшлі на лецішчы пад Шчучынам

Пасьля суду прадпрымальнік паспрабаваў вярнуць сабе хаця б адгружаны дэкор, бо спадзяваўся прадаць яго іншаму кліенту. Аднак і гэта аказалася нерэальным, ніхто яго Прыходзьку не аддаў.

Цяпер на гатэлі дэкор, замоўлены ў іншага прадпрымальніка

Мужчына зьвярнуўся ў міліцыю з просьбай разабрацца і вярнуць яму ягоныя вырабы.

Але дэкор зьнік з тэрыторыі гатэлю. Яго знайшлі міліцыянты на лецішчы Сямашак пад Шчучынам. Дакладней, не дэкор, а тое, што ад яго засталося. Нехта пасек завіткі і пілястры сякерай і паскладаў іх у мяшкі.

«Мне паказалі гэтыя аскепкі. Я пазнаў. Гэта мой дэкор. Я бачыў яго ў мяшках», — кажа Георгі.

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу ў дачыненьні Станіслава і Натальлі Сямашак за наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці ў буйным памеры (частка 2 артыкулу 218 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Іх падазраюць у зьнішчэньні 975 элемэнтаў дэкору.​

Майстар: «Я нікога не хачу пасадзіць»

Цяпер з кавалкаў аднавіць дэкор немагчыма. Прыходзька хоча, каб яму кампэнсавалі страчаныя вырабы.

«Мне больш нічога ня трэба. Я нікога не хачу пасадзіць. На гэтыя грошы можна набыць нармальную машыну», — тлумачыць Георгі.

Прадпрымальнік ня мае прэтэнзій да Сямашак. Ён мяркуе, што кампэнсаваць яму шкоду абавязаны «ГарБуд» у асобе Вячаслава Радзюкевіча, зь якім ён вёў перамовы.

«Зь Сямашкам я не дамаўляўся. Нас «ГарБуд» сутыкнуў зь ім ілбамі. Больш у мяне пытаньняў хутчэй да «ГарБуду», — кажа Прыходзька.

Крыніца, якая ведае дэталі сытуацыі, але ня хоча сябе называць, расказала Свабодзе ўласную вэрсію канфлікту. Паводле яе, Станіслаў Сямашка мог узгадніць з уладамі адзін варыянт дэкору гатэлю, аднак насамрэч хацеў аздобіць яго больш багата. Таму распрацаваў другі варыянт і менавіта яго замаўляў прадпрымальніку з-пад Менску. Відаць, бізнэсовец спадзяваўся ўнесьці зьмены ва ўжо зацьверджаны праект, аднак не атрымалася.

Сямашка: дэкору не было, заплацілі памылкова

Станіслаў Сямашка абвяргае ўдзел свой і сваёй жонкі ў зьнішчэньні дэкору. Ён накіраваў адпаведныя звароты ў Сьледчы камітэт, пракуратуру, аблвыканкам.

У звароце ён адзначае, што не замаўляў і не прымаў дэкору ні ад Георгія Прыходзькі, ні ад «ГарБуду». Больш за тое, ня меў гаспадарчых дачыненьняў з Прыходзькам і нават ня бачыўся зь ім, пакуль не завялі крымінальнай справы.

Тое, што Сямашка пералічыў Прыходзьку аванс, ягоны юрысконсульт Ігар Абрамовіч тлумачыць памылкай.

Плацежнае даручэньне, паводле якога Сямашка пералічыў Прыходзьку грошы за дэкор

«Бухгальтарка пераблытала, заплаціла і туды, і туды. Дэкор мы замаўлялі ў іншага прадпрымальніка. Нават калі дома ідзе рамонт, шмат што трэба. А калі ідзе рэканструкцыя такога аб’екта?», — разважае Абрамовіч пра падставы для памылкі.

Сьледчыя, заводзячы крымінальную справу, не патлумачылі матыву і спосабу ўчыненьня злачынства. Гэта Сямашка таксама лічыць парушэньнем.

«Той хлам абсалютна не цікавы Станіславу Людвігавічу. У яго дастаткова актываў і даходаў. Яны нармальныя людзі, не псыхічна хворыя. Навошта ім нешта зьнішчаць? Яны людзі вельмі спакойныя, ціхія», — абураецца Ігар Абрамовіч.

Наагул уласьнік гатэляў адмаўляе, што дэкор існаваў. Ён называе знойдзеныя парэшткі будаўнічым сьмецьцем, абломкамі гіпсу і пенаплясту.

«Дэкор быў адгружаны насыпам, яго пры прыёме не пералічылі, не ўзважылі, накладная была падпісана з парушэньнямі: супрацоўнікам „ГарБуду“, які ня меў на гэта права, а подпіс пастаўлены на адваротным баку накладной», — адзначае Ігар Абрамовіч.

З вокнаў гатэлю відаць Фарны касьцёл

Тое, што рэшткі дэкору знайшлі на лецішчы пад Шчучынам, бізнэсовец тлумачыць так: вывез будаўнічае сьмецьце толькі пасьля таго, як «ГарБуд» адмовіўся зрабіць гэта, а дзяржаўныя інстанцыі выдалі прадпісаньне тэрмінова прыбраць яго.

Сямашка мяркуе, што справа заведзеная і расьсьледуецца незаконна і перадузята, а таму мусіць быць спыненая.

Затрымлівалі ноччу, выбівалі дзьверы

Да таго ж у сваёй заяве ён зьвярнуў увагу на парушэньні сваіх правоў праваахоўнікамі.

Як расказаў Ігар Абрамовіч, Станіслава Сямашку затрымалі ўвечары пасьля таго, як ён адпачываў у лазьні, выпіў алькаголь і прыняў снатворнае. Да сястры ягонай жонкі Тамары міліцыянты таксама прыйшлі ноччу і выбівалі нагамі мэталёвыя дзьверы ў хату, незаконна зрабілі ператрус і затрымалі для допыту. Швэйцара гатэлю Віталя Паўлоўскага, які сьведчыў супраць Сямашкі (да гэтага пратрымалі ў пастарунку 11 гадзін, хоць допыт доўжыўся 35 хвілін). Абрамовіч настойвае, што такія паказаньні нельга ўлічваць, бо яны былі ўзятыя пад ціскам. Затрыманьні адбываліся ў сярэдзіне кастрычніка.

Гатэль месьціцца насупраць горадзенскай турмы

Зь Сямашкі ўзятая падпіска аб нявыезьдзе. Арыштаваныя ягоныя банкаўскія рахункі і дом, кошт якога ў 25 разоў, паводле яго, перавышае шкоду ў справе.

«Жонка вядомага бізнэсоўца плача. Кажа: „За што мне ў жыцьці такое? Я ніколі нічога не пашкодзіла, не прысвоіла. Чаму такая несправядлівасьць?“», — пераказвае стан Натальлі Сямашкі юрысконсульт.

Сьледчы камітэт сытуацыю не растлумачыў

У Сьледчым камітэце атрымаць інфармацыю аб справе не атрымалася.

«Я не валодаю інфармацыяй у пытаньні, якое вас цікавіць», — пракамэнтаваў Свабодзе афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту Горадзенскай вобласьці Сяргей Шаршаневіч.

Намесьнік дырэктара фірмы «ГарБуд» Вячаслаў Радзюкевіч таксама адмовіўся ад камэнтару.

Фантан і вазоны на тэрыторыі не адпавядаюць праекту

Дарэчы, як стала вядома Свабодзе, фігуркі, якімі Сямашка ўпрыгожыў тэрыторыю вакол новага гатэлю (фантаны, вазоны), не былі ўзгодненыя праектам. Чыноўнікі гарвыканкаму вынесьлі яму ў сувязі з гэтым прадпісаньне.

Упрыгажэньні побач з гатэлем не прадугледжаныя праектам

Паводле начальніка аддзелу рэалізацыі генэральнага пляну ўпраўленьня архітэктуры і горадабудаўніцтва Горадзенскага гарвыканкаму Вольгі Барэйкі, малыя архітэктурныя формы не былі прадугледжаныя праектам і разьмяшчаліся шырэй, чым тэрыторыя, якая прызначалася пад добраўпарадкаваньне гатэлю.

На пытаньне, што пагражае бізнэсоўцу, калі ён не прыбярэ гэтыя ўпрыгажэньні, супрацоўніца гарвыканкаму адказала, што нічога.

«Там стаіць бутафорыя: каб гэта пераставіць, нічога не патрабуецца. Нам было растлумачана, што ў чалавека адкрыцьцё. Ён зрабіў, як лепш. Ведаеце, як вешаюць на фасад „Мы адкрыліся“. Так і ў гэтым выпадку», — патлумачыла Вольга Барэйка.

Несанкцыявана стварыў могілкі?

Станіслаў Сямашка ўжо быў у цэнтры скандальнай гісторыі ў пачатку 2000-х. Яму прыпісвалі несанкцыяванае стварэньне мэмарыяльных могілак нямецкіх жаўнераў часоў Другой усясьветнай вайны ў родным Шчучыне і іншых месцах Горадзеншычы. Пра гэта неаднаразова пісала газэта «Советская Белоруссия». Урэшце могілкі зьніклі гэтак жа таямніча, як і зьявіліся, а гісторыю забылі.