Парашэнка прапануе ваеннае становішча на 30 дзён

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка выступіў з тэлезваротам, дзе патлумачыў, што прапануе ўвесьці ваеннае становішча на 30 дзён. Ён заявіў пра высокую канцэнтрацыю расейскіх войскаў каля мяжы з Ўкраінай. Паводле ўкраінскага прэзыдэнта, ёсьць вялікая рызыка сухапутнай ваеннай апэрацыі Расеі супраць Украіны.

Калі ваеннае становішча будзе ўведзенае сёньня, дык яно завершыцца за некалькі дзён да абвяшчэньня выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі — 31 сьнежня ва Ўкраіне пачынаецца рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты.

У сваім звароце Пятро Парашэнка яшчэ раз падкрэсьліў, што ва ўмовах ваеннага становішча не плянуецца абмяжоўваць правы грамадзян і ўводзіць цэнзуру.

Вярхоўная Рада Ўкраіны сёньня мае прыняць закон аб ваенным становішчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўная Рада Ўкраіны разглядае ўвядзеньне ваеннага становішча. УЖЫВУЮ

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.

    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча

  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.