«Псыхалягічны ціск»: праваабаронцы Насьце Лойцы ў кавярні падкінулі ананімную запіску

Праваабаронца Наста Лойка паведаміла пра магчымую спробу запалохаць яе і ейных калегаў. Аўтар запіскі раіць праваабаронцы «знайсьці нармалёвую працу».

Паводле словаў Насты Лойкі, увечары 22 лістапада падчас сустрэчы ў кавярні ёй і яе калегам падкінулі паперку з дзіўным зьместам. Цыдулку перадаў супрацоўнік «Лідо» на Нямізе, дзе Наста сядзела з калектывам.

Наста распавяла, што раней падобную запіску, напісаную той жа рукою, падкідвалі частцы з прысутных. На яе думку, гэта спосаб псыхалягічнага ціску.

Дзяўчына зьвязвае такія папярэджаньні з актыўнасьцю ў ініцыятыве «Прававое дзеяньне», якая падтрымлівае і кансультуе анархістаў і антыфашыстаў.

Паводле Насты, яны не пыталі ў супрацоўніка, які перадаў запіску, хто яе прынёс.

«Адразу было зразумела, што гэта ад двух малазапамінальных мужчын, якія сядзелі недалёка ад нас. Яны сышлі, а афіцыянт прынёс».

Наста Лойка ўжо 10 гадоў займаецца прававою дапамогай. Раней працавала ў праваабарончым цэнтры «Вясна», цяпер — у праваабарончай арганізацыі «Human Constanta».