Падчас прызначэньня на пасаду старшыні Менскага гарвыканкаму Анатоля Сівака кіраўнік Беларусі сказаў, што, на яго думку, з многімі ў Менгарвыканкаме давядзецца разьвітацца, перадае БелаПАН.
Прызначаючы 24 лістапада Сівака новым старшынём Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту, Аляксандр Лукашэнка папрасіў яго, паводле прэсавай службы прэзыдэнта, зьвярнуць увагу «на карупцыю, якая існуе ў горадзе».
«Усё ж такі кіраўніцкая вэртыкаль у горадзе велізарная», — адзначыў Лукашэнка.
Ён таксама сказаў, што пэўны час стаяла пытаньне аб скарачэньні колькасьці адміністрацый у раёнах гораду. Аднак на гэты крок не пайшлі дзеля таго, што хацелі захаваць зручную сытуацыю для жыхароў гораду.
«Яны прывыклі вырашаць свае пытаньні там. А вось мазгі ўставіць кіраўнікам адміністрацый і тым невялікім чыноўнікам, якія там ёсьць, трэба», — сказаў Сіваку Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шорац зьняты з пасады старшыні Менгарвыканкаму. Яго замяніў былы міністар транспартуЛукашэнка параіў Сіваку правесьці чыстку супрацоўнікаў Менгарвыканкаму:
«Думаю, што з многімі ў гарвыканкаме давядзецца разьвітацца. Але не крыўдзі людзей, якія адданыя дзяржаве і хочуць працаваць у горадзе разам з табой. Часу няшмат — тры тыдні. Трэба разабрацца і падумаць, з кім будзеш працаваць. Хацелася б, каб кадры, якія табе давядзецца падбіраць разам з кіраўніком адміністрацыі (прэзыдэнта), каб яны былі з гораду і ведалі горад».
Лукашэнка таксама параіў Сіваку не цягнуць ў Менгарвыканкам сваіх калегаў па былой працы:
«Ня трэба чыгунку, аўтамабільны транспарт, паветраны і рачны цягнуць туды за сабой. Думаю, у цябе досыць сваіх поглядаў на кадравую палітыку, і веданьне людзей, аўтарытэт дапамогуць табе падабраць і прапанаваць на пасады кіраўнікоў або прызначыць тых людзей, якія будуць працаваць і выконваць тыя задачы, што трэба».
Лукашэнка таксама заявіў, што нельга панізіць плянку ў разьвіцьці сталіцы
«Менск у нас дагледжаны, добры, прыгожы горад. Трэба надаць належную дынаміку».
Пры гэтым, вясной сёлета Аляксандар Лукашэнка заяўляў пра гатоўнасьць адправіць у адстаўку міністра транспарту і камунікацый Анатоля Сівака ў сувязі з карупцыяй у ведамстве.