Праз акцыю пратэсту ў Парыжы зачынілі Эйфэлеву вежу

Ілюстрацыйнае фота

Галоўную славутасьць Парыжу зачынілі для наведваньняў 24 лістапада, паведамляюць мясцовыя СМІ.

Кіруючая кампанія вежы прыняла такое рашэньне ў мэтах бясьпекі, бо ў суботу, 24 лістапада, на Марсавым полі пройдзе маштабная акцыя пратэсту. Жыхары Францыі пратэстуюць супраць павышэньня акцызу на бэнзін і дызэльнае паліва.

Улады чакаюць, што ў Парыж зьедуцца каля 30 тысяс незадаволеных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэсты ў Францыі: 500 пацярпелых і камэнданцкая гадзіна

Вулічныя акцыі ў Францыі не суціхаюць ўвесь апошні тыдзень. 18 лістапада на цэнтральным мітынгу ў Парыжы сабраліся амаль 300 тысяч чалавек. Частка ўдзельнікаў мітынгу спрабавала прарвацца ў Элізэйскі палац. На заморскім востраве Рэюньён, які ўваходзіць у склад Францыі, улады ўвялі камэнданцкую гадзіну і зачынілі мясцовыя школы.

Незадаволеныя падвышэньнем падаткаў французы лічаць, што мера ўдарыць перш за ўсё па бедных і па сярэдняй клясе: у жыхароў многіх рэгіёнаў Францыі з прычыны недастатковай разьвітасьці грамадзкага транспарту акрамя асабістай машыны няма іншых магчымасьцяў для перамяшчэньня.