Лукашэнка запатрабаваў не выпускаць карупцыянэраў з турмы. А каго ўжо выпусьцілі?

Ілюстратыўнае фота

Аляксандар Лукашэнка пагражае ўзмацніць адказнасьць за карупцыйныя злачынствы. Дагэтуль некаторыя асуджаныя карупцыянэры празь нейкі час атрымлівалі памілаваньне і новую пасаду.

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе 23 лістапада заявіў, што недапушчальна зьмяншаць тэрміны чыноўнікам, якіх пакаралі за карупцыйныя злачынствы, перадае БелТА.

«Нікога не выпускаць. І за карупцыю толькі дадаваць будзем. Трапілі ў турму на 20 гадоў — яшчэ 10 дадамо. Думайце, як жыць далей. Дваццаць пяты раз паўтараю: лепш бедным на волі, чым багатым у турме», — сказаў Лукашэнка.

Нядаўняя гісторыя паказвае, што ў Беларусі асуджаных карупцыянэраў празь нейкі час з турмы ўсё ж выпускалі. Напрыклад:

Віктара Хадасевіча, які кіраваў Бабруйскім мясакамбінатам, у траўні 2015 году пакаралі двума гадамі пазбаўленьня волі.

Ужо ў лютым 2016 году ён узначаліў СВК «Ліпаўка» ў Хоцімскім раёне. Калгас збанкрутаваў. А Хадасевіч уладкаваўся дырэктарам у гандлёвы цэнтар «Спэктар» у родным Бабруйску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памілаваны Лукашэнкам пэдагог-карупцыянэр вучыць дзяцей ангельскай і кітайскай мовам

Яўген Дуплеўскі, які кіраваў упраўленьнем адукацыі Магілёўскага гарвыканкаму і папаўся на хабары, быў памілаваны Лукашэнкам. Пасьля ён узначаліў гімназію № 4 у Магілёве.

Былы гендырэктар холдынгу «Магілёўвадбуд» Яўген Зюзін, асуджаны ў 2014 годзе на сем гадоў зьняволеньня за крадзеж і атрыманьне буйнога хабару паўторна, з канца студзеня 2016 году ўзначаліў СВК «Калгас імя Дзяржынскага» Бабруйскага раёну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вызвалены датэрмінова карупцыянэр Зюзін узначаліў калгас

Былы намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімер Волкаў датэрмінова выйшаў на волю і ўзначаліў дырэкцыю аб’ектаў, якія будуюцца Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працаўладкаваны яшчэ адзін памілаваны Лукашэнкам карупцыянэр