Трамп прыгразіў закрыць мяжу з Мэксыкай, калі паток мігрантаў ня будзе ўзяты пад кантроль

Дональд Трамп выступае перад вайскоўцамі па канфэрэнц-сувязі 22 лістапада 2018

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ў чацьвер прыгразіў закрыць мяжу з Мэксыкай, што паставіць пад пагрозу гандаль паміж краінамі, аб’ём якога складае 1,68 мільярда даляраў у дзень, калі ўрад ня здолее кантраляваць паток нелегальных імігрантаў, якія спрабуюць патрапіць у ЗША з Лацінскай Амэрыкі.

Выступаючы перад журналістамі ў сваёй сядзібе Мар-а-Лага ў Флорыдзе, дзе прэзыдэнт праводзіць Дзень дзякаваньня, Трамп таксама пацьвердзіў заяву міністра абароны Джэймса Мэтыса пра тое, што разьмешчаным на мэксыканскай мяжы вайскоўцам дазволена пры неабходнасьці страляць на паразу для абароны супрацоўнікаў памежнай службы ад мігрантаў.

Раней у чацьвер прэзыдэнт выступіў па канфэрэнц-сувязі са зваротам да амэрыканскіх вайскоўцаў у Азіі і Ціхаакіянскім рэгіёне на фоне крытыкі з нагоды таго, што з моманту інаўгурацыі ён ні разу не наведваў вайскоўцаў у месцах баявых дзеяньняў.

Каля 5800 амэрыканскіх вайскоўцаў праводзяць Дзень дзякаваньня на мяжы з Мэксыкай, нацягваючы калючы дрот і будуючы намётавыя лягеры. Разьмяшчэньне войска на мяжы выклікала спрэчкі аб магчымым парушэньні закону 130-гадовай даўніны, які забараняе прыцягваць вайскоўцаў да праваахоўнай дзейнасьці ўнутры краіны.

Трамп, закрануўшы пытаньне аб караване мігрантаў з краін Цэнтральнай Амэрыкі, якія пачалі прыбываць да мяжы з мэтай папрасіць прытулак у ЗША, сказаў, што яго адміністрацыя можа «закрыць уваход у краіну на працяглы пэрыяд», калі сытуацыя «дасягне ўзроўню, пры якім мы страцім кантроль або пачнуць цярпець людзі».

«Усю мяжу. Я маю на ўвазе ўсю мяжу. Мэксыка ня зможа прадаваць свае машыны ў ЗША», — падкрэсьліў прэзыдэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Караван мігрантаў» пачаў пераходзіць амэрыканскую мяжу. ВІДЭА