Старшыня Вярхоўнага суду ЗША выступіў у абарону судзьдзяў ад крытыкі Трампа

Старшыня Вярхоўнага суду ЗША Джон Робэртс

Старшыня Вярхоўнага суду ЗША Джон Робэртс выступіў з заявай, у якой адказаў на словы прэзыдэнта Дональда Трампа.

«У нас няма судзьдзяў Абамы ці судзьдзяў Трампа, судзьдзяў Буша ці судзьдзяў Клінтана, — цытуе The Wall Street Journal заяву Робэртса. — У нас ёсьць надзвычайная група адданых судзьдзяў, якія робяць усё магчымае, каб даць роўныя правы ўсім, хто зьвяртаецца да іх. Мы павінны быць удзячныя за існаваньне незалежнай судовай ўлады».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп адказаў на пытаньні спэцпракурора ў «справе аб расейскім умяшаньні»

Выступаючы перад журналістамі 20 лістапада, Трамп скрытыкаваў рашэньне фэдэральнага суду, скіраванае супраць ягоных плянаў забараніць замежнікам падаваць на прытулак ў ЗША, калі яны ня ўехалі ў краіну ў вызначаных пунктах.

«Гэта быў судзьдзя Абамы, і вось што я вам скажу, такога больш ня будзе», — сказаў Трамп. Ён таксама назваў Апэляцыйны суд Дзявятай фэдэральнай акругі ЗША, базаваны ў Сан-Францыска, «ганьбай».

Старшыня Вярхоўнага суду зрабіў сваю заяву ў адказ на запыт агенцтва Associated Press. Джон Робэртс быў намінаваны на сваю пасаду ў 2005 годзе прэзыдэнтам Джорджам Бушам-малодшым.