Ва Ўкраіне адзначаюць Дзень годнасьці і свабоды —- памяці рэвалюцый 2004 і 2013 гадоў

Архіўнае фота. Супрацьстаяньне зь сілавікамі на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве падчас Рэвалюцыі годнасьці, 23 студзеня 2014 году

Ва Ўкраіне 21 лістапада адзначаюць Дзень годнасьці і свабоды — сьвята ў гонар пачатку дзьвюх рэвалюцый: Памаранчавай рэвалюцыі 2004 году і Рэвалюцыі годнасьці 2013 году.

«У гэты дзень 5 гадоў таму ўкраінцы выйшлі з мірным пратэстам на плошчу Незалежнасьці ў Кіеве, каб адстаяць свае каштоўнасьці і свабоду. Пасьля таго былі цяжкія месяцы супрацьстаяньняў, жорсткія разгоны і забойствы мірных грамадзян. Цяжкай цаной украінцы выстаялі і перамаглі! Сьветлая памяць загінулым!» — напісаў у Facebook прэм’ер-міністар Украіны Уладзімір Гройсман.

Гэтае сьвята адзначалася як Дзень волі з 2005-га па 2011 год. У пэрыяд кіраваньня Віктара Януковіча яго сьвяткаваньне фактычна адмянілі, аб’яднаўшы з Днём саборнасьці 22 студзеня.

У 2014 годзе прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка аднавіў яго афіцыйны статус, з тых часоў Украіна адначасова сьвяткуе гадавіны Памаранчавай рэвалюцыі і Эўрамайдану.

У Кіеве а 10-ай раніцы 21 лістапада пачнецца памінальны малебен і ўскладаньне кветак на алеі «Герояў Нябеснай Сотні», памяці загінулых падчас Рэвалюцыі годнасьці, сярод якіх быў і беларус Міхась Жызьнеўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Герой Украіны Міхась Жызьнеўскі. Гісторыя жыцьця, сьмерці і ўганараваньня

Прыкладна ў той жа час у цэнтры горада ў рамках акцыі «Памятаем» пройдзе студэнцкая хада. Сьвята будуць адзначаць і ў сталічнай мэрыі. У прыватнасьці, Кіеўская гарадзкая дзяржаўная адміністрацыя арганізуе канцэртную праграму з удзелам некалькіх артыстаў і калектываў, якія выступалі на сцэне Майдану.