Скаргу ад бацькоў школьніцы, якая загінула на сельгасработах, зарэгістравалі ў ААН

Ілюстрацыйнае фота

Камітэт па правах чалавека ААН прыняў да разгляду скаргу бацькоў школьніцы з Маладэчна Вікторыі Папчэні, якая загінула падчас сельскагаспадарчых прац, паведамляе «Гомельская Вясна».

Скарга зарэгістраваная 19 лістапада (№ 3265 / 2018) і накіраваная ўраду Беларусі для адказу па сутнасьці выкладзеных у ёй прэтэнзій. Цяпер беларускія ўлады мусяць даць адказ на пытаньне, на якое не адказала нацыянальная судовая сыстэма: чаму ў Беларусі выкарыстоўваецца дзіцячая праца?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 50 тысяч рублёў бацькам за сьмерць дзяўчынкі на бульбе выплацяць гаспадарка і школа

29 верасьня 2016 году падчас уборкі бульбы пад Маладэчнам загінула вучаніца 8 клясы Вікторыя Папчэня — на яе наехаў грузавік.

23 сьнежня 2016 году кіроўцу Паўла Цыбіна асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі. 12 ліпеня 2017 году настаўніцам Вользе Завадзкай і Ірыне Апанасевіч, абвінавачаным у неналежным выкананьні абавязкаў па гарантаваньні бясьпекі, жыцьця і здароўя дзяцей, што пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць васьміклясьніцы Вікі Папчэні, прысудзілі 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня і штрафы ў памеры 100 базавых велічынь (2300 рублёў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд адмовіў бацьку школьніцы, якая загінула на бульбе, прызнаць, што ягоная дачка «працавала»

Прадстаўнік інтарэсаў бацькоў загінулай школьніцы праваабаронца Леанід Судаленка на гэтым не спыніўся. Ён пачаў цяжбу, каб даказаць віну дзяржавы, а не настаўнікаў і кіроўцы, на месцы якіх можа апынуцца любы іншы чалавек. У канчатковым выніку ён хоча дамагчыся поўнай забароны дзіцячай працы ў Беларусі і на ўзроўні заканадаўства, і на ўзроўні практыкі.

Судаленка заяўляе, што справа сям’і Папчэняў прэцэдэнтная — дзяржава праз выкарыстаньне дзіцячай працы парушыла права на жыцьцё дзіцяці.

«Наша мэта і мэта бацькоў — каб гэтая справа ўвайшла ў гісторыю, каб рашэньне па справе Вікі Папчэні ў будучыні знаходзілася ў кожнай школе і астуджала гарачыя галовы чыноўнікаў ад адукацыі, якія надумаюцца адправіць школьнікаў на калгасныя палі. Пасьля таго як КПЧ ААН вынесе рашэньне, мы будзем дамагацца яго імплемэнтацыі на заканадаўчым узроўні — каб у Беларусі наўпрост забаранілі дзіцячую працу», — падкрэсьліў праваабаронца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафсаюз РЭП патрабуе ад міністра адукацыі спыніць удзел школьнікаў у сельгасработах