Рэдактар украінскага сайту «Європейська правда» Сяргей Сідоранка расказаў мэдыяпраекту «Настоящее время», як прадусары расейскага тэлеканалу НТВ спрабавалі наняць яго ў якасьці «платнага экспэрта» для «патрэбнага» пункту гледжаньня на падзеі ва Ўкраіне.
Сідоранка зрабіў выгляд, што пагадзіўся, запісаў размову, але ў Маскву не паехаў. Затое высьветліў: ледзь не штодня з Кіева лятае шэраг «платных экспэртаў», якія, на думку Сідоранкі, выступаюць супраць уласнай дзяржавы.
Паводле журналіста, першы раз яму прапанавалі за ўдзел у эфіры 150 даляраў. Але паабяцалі павялічыць ганарар да 300, пачынаючы з другога шоў. Праўда, на гэтым свой экспэрымэнт Сідоранка згарнуў.
«Для мяне маральная мяжа — удзел у тэлепраграме, — адзначыў ён. — Калі б я паехаў, тым самым пачаў бы наносіць урон сваёй рэпутацыі. Лічу, што мае суграмадзяне, калегі, якія езьдзяць у Маскву на здымкі, паводзяцца, мякка кажучы, неэтычна ў дачыненьні ўласнай краіны. Я не магу дазволіць, каб пра мяне так думалі іншыя».
На перакананьне Сяргея Сідоранкі, няма ніякага сэнсу езьдзіць у Расею: усё зроблена такім чынам, каб украінскія экспэрты заставаліся ў меншасці і не маглі агучыць уласную пазыцыю. У выніку роля людзей, якія прыяжджаюць на расейскія тэлеканалы, ня ў тым, каб выказаць альтэрнатыўны пункт гледжаньня, а ў тым, каб яны выступалі «блазнамі».
«Я не лічу, што тых людзей, якія падтрымліваюць узброены напад на маю краіну, можна нейкім чынам пераканаць», — падсумаваў рэдактар сайту «Європейська правда».