Знаны расейскі юрыст расказаў, як санкцыі супраць Пуціна могуць уратаваць Беларусь

Марк Фейгін

Расейскі Юрыст і адвакат Марк Фейгін зь сябрамі Форуму Свабоднай Расеі прэзэнтавалі ў Вашынгтоне «Сьпіс Пуціна» — пералік асобаў, у дачыненьні да якіх прапануецца ўвесьці санкцыі.

У зьвязку з гэтай падзеяй Марк Фейгін даў інтэрвію расейскай службе Радыё Свабода. Прыводзім некаторыя выказваньні.

Расея ператвараецца ў дыктатуру

«Я лічу, што ідзе канчатковая трансфармацыя аўтарытарнай сыстэмы [ў Расеі] ў ужо закончаную дыктатуру. Справа ня ў колькасьці рэпрэсій, а ў суме характарыстык, якія вызначаюць гэты рэжым як дыктатарскі. Я думаю, што там падвышаюцца рызыкі для самога гэтага рэжыму, адпаведна, абарончай функцыяй яго ёсьць рэпрэсіі і спроба легітымізаваць незьмяняльнасьць улады Пуціна. Гэты працэс адбываецца на вачах.

Але ёсьць і іншыя асаблівасьці, крыху менш заўважныя, яны адбываюцца ў элітах. Упэўнена можна казаць, што разьвіваецца ўнутрыэлітны мэнталітэт, нэпатызм. Паглядзіце: дзеці гэтых людзей становяцца пераемнікамі ва ўладзе, такога не бывала нават у станавых сыстэмах Расеі да рэвалюцыі. Міністар Патрушаў — гэта сын Патрушава. Бацька — кіраўнік Рады бясьпекі, былы кіраўнік ФСБ, а цяпер ягоны сын — міністар сельскай гаспадаркі... Мноства такіх прыкладаў».

Быць адвакатам у палітычных справах безнадзейна

«Незалежна ад таго, ці вярну я сабе [адвакацкі] статус, ці не, займацца палітычнымі справамі як адвакат я больш ня буду, бо судовая сыстэма цалкам разбураная. Разбураная й адвакатура — гэта цяпер сэрвільны і абсалютна карумпаваны інстытут. Яна ня можа абараніць і ўратаваць падабаронных у палітычных справах — гэта цалкам выключана. Яе моцна кантралюе ўлада, а суд ужо даўно ёсьць вытворнай ад улады ў Крамлі. Ну ўжо пра сілавыя структуры, пракуратуру, сьледзтва размаўляць не даводзіцца — гэта частка рэпрэсіўнай сыстэмы. Таму асаблівых пэрспэктыў у якасьці абаронцы ў палітычных справах ня толькі для сябе, але і для іншых я ня бачу. Залаты пэрыяд, калі можна было супраціўляцца сыстэме, завершаны. Сёлета ён канчаткова завяршыўся наступным тэрмінам Пуціна».

Украінскі журналіст Раман .Сушчанка, абвінавачаны ў шпіянажы, размаўляе з Маркам Фейгіным, чэрвень 2018-га

Як санкцыі супраць расейскага рэжыму могуць дапамагчы Беларусі

«Рэжым жыцьцяздольны не таму, што санкцыі для яго не балючыя, а таму, што, адрозна ад савецкага пэрыяду, мы маем справу не з разьмеркавальнай, а з рынкавай эканомікай. Вядома, гэта стварае большыя магчымасьці для выжываньня, чым калі за савецкім рэжымам жылі па картках і любы ціск балюча адбіваўся і на шараговых грамадзянах, і на намэнклятуры. Але гэта зусім ня значыць, што ў канчатковым выніку гэтыя санкцыі не прывядуць да патрэбнага выніку.

Справа ў тым, што на іншым канцы сам Пуцін, які намагаецца пралангіраваць сваю ўладу, яму важна стварыць умовы для поўнай незьмяняльнасьці ўлады. Распрацоўваюцца розныя варыянты, пачынаючы ад саюзнай дзяржавы зь Беларусьсю, з новай канстытуцыяй, новымі выбарамі прэзыдэнта саюзнай дзяржавы, заканчваючы зьменамі Канстытуцыі РФ. Санкцыі перашкаджаюць менавіта гэтай сытуацыі, таму што ўжо цяпер выдаткі вялікія».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму для Лукашэнкі выбары — «бакханалія»

Канец блізкі

«У Расеі цяпер сытуацыя складаецца так, што ўсё бліжэй мы падбіраемся да канчатковага пункту біфуркацыі. Я ня веру ні ў якія мірныя пераходы ўлады, я проста перакананы, што гэта будзе крывавы спосаб высьвятленьня адносінаў. Але ў гэты момант, калі ўсё гэта пачне бурыцца, я б хацеў знаходзіцца ў Расеі, а не за яе межамі. Я пражыў гэтыя 20 гадоў у чаканьні таго, што гэтая махіна пачне падаць. Навошта ж я ў самы кульмінацыйны момант сыду ад гэтага тэатральнага відовішча? Я б хацеў узяць удзел у ім».

«Цяпер мы бачым прыкметы канца ўжо ў цяперашнім стане расейскай эканомікі, расейскага ВПК, расейскай дыпляматыі і палітыкі. Таму я перакананы, што гэта не пытаньне дзесяцігодзьдзяў».

«Мы можам гадаць і дыскутаваць, але я ня бачу жыцьцяздольных сілаў у гэтай сыстэмы да таго, каб яна магла пралангіраваць сябе пасьля Пуціна. Пуцін — гэта абсалютна дакладна канец для падобнага кшталту мадэлі».

Марк Фейгін — вядомы расейскі юрыст, які абараняў у судах многіх крытыкаў расейскага ўраду і асабіста прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Акрамя ўдзельніц Pussy Riot і Мустафы Джамілева, ён абараняў у судзе Надзею Саўчанку, якая ўдзельнічала ў баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны, у ліпені 2014 году трапіла ў палон да сэпаратыстаў і была вывезеная ў Расею; арганізатара масавых антыўрадавых пратэстаў на Манежнай плошчы Леаніда Развазжаева, казахскага палітыка і прадпрымальніка Мухтара Аблязава і былога кіраўніка Бахчысарайскай раённай адміністрацыі Крыма Ільмі Умерава.

Цяпер ён дапамагае ў абароне грамадзяніна Ўкраіны Рамана Сушчанкі, які абвінавачваецца ў шпіянажы супраць Расеі.

У красавіку 2018 году Марка Фейгіна пазбавілі адвакацкай практыкі.

Цалкам інтэрвію чытайце на сайце Расейскай службы Радыё Свабода.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі Беларусь дойдзе да нэўтралітэту і што гэтаму замінае?