«Кідалі лёд, малявалі свастыкі». Як у Беларусі жывецца людзям з экзатычным паходжаньнем

Адзін з асноўных стэрэатыпаў пра беларусаў — талерантнасьць і цярпімасьць да людзей іншых нацый. Але ці так гэта насамрэч? Свабода пагутарыла з трыма дзяўчатамі, якія нарадзіліся ў Беларусі, але маюць небеларускае паходжаньне, пра ксэнафобію, прыманьне сябе і Радзіму.

Дыяна Ісаян: «Армяне ня будуць нічога цярпець»

«Я нарадзілася ў Менску, але мае бацькі з Армэніі. Яны пераехалі ў Беларусь на пачатку 90-х гадоў, калі на радзіме склалася ня вельмі спрыяльная эканамічная сытуацыя і ўсе разьяжджаліся па краінах былога СССР. Бацькі захавалі і перадалі каштоўнасьці нам: я выдатна гавару па-армянску, магчыма, трошкі з акцэнтам. Зь імі, дарэчы, гавару па-армянску, а вось са сваімі братамі — па-расейску.

Мы адзначаем армянскія сьвяты, гатуем рэгулярна нацыянальныя стравы. Напрыклад, далму, суп хаш у гонар Новага году, кюфту. Робім рыс з разынкамі на Вялікдзень, гэта вельмі тыповая армянская страва.

У Беларусі ёсьць моцная армянская дыяспара і працуе армянская нядзельная школа. Я яе наведвала на працягу пяці гадоў. Там я навучылася чытаць і пісаць па-армянску, таксама вывучала гісторыю і культуру Армэніі. Там жа была магчымасьць навучыцца выконваць армянскія песьні і танцы, але мне гэта не было вельмі цікава. Пакуль я не пачала вучыцца ва ўнівэрсытэце, актыўна наведвала мерапрыемствы, якія ладзіла дыяспара.

Па мэнталітэце я больш, хіба што, беларуска. Вырасла тут, жыву тут, сутыкалася збольшага якраз зь беларусамі. Але ёсьць рысы характару і паводзінаў, якія ўласьцівыя армянам. Напрыклад, каўкаская шчодрасьць, дабрыня, наіўнасьць, спагадлівасьць.

Беларусы — халодныя, цярплівыя, недаверлівыя. Армяне сябе пакрыўдзіць не дадуць. Нічога цярпець ня будуць. Нездарма кажуць: Каўказ — моц!

Армяне — неверагодна гасьцінны народ. Часам нават занадта. Часта фінансава непісьменныя — марнуюць грошы на ня самыя патрэбныя рэчы.

Я не прыгадваю ніякіх выпадкаў ксэнафобіі ў свой бок. Магчыма, у глыбокім дзяцінстве, але гэта ўсё было нешта накшталт жартаў. Дзеці — яны жорсткія, не разумеюць межаў. Але цяпер, калі мне 20 год, я, наадварот, ганаруся сваімі армянскімі каранямі. Мне падаецца, што армяне ў Беларусі — гэта нешта накшталт эліты. Мы не хаваем свае карані. Сярод нас шмат бізнэсоўцаў. Прадпрымальніцтва амаль што закладзена ў нашай крыві. Але мне, мабыць, бліжэйшая стабільнасьць найманага супрацоўніка.

Вельмі шмат армян разьехаліся ў іншыя краіны, амаль уся інтэлігенцыя. Праўда, шмат хто падтрымлівае эканоміку і праекты з-за мяжы матэрыяльна. Напрыклад, Шарль Азнавур. Спадзяюся, калі ўсё складзецца добра, шмат хто зь іх вернецца ў Армэнію.

Радзіма... Гэта вельмі складана. Але ўсё-ткі Беларусь. Тут ёсьць вельмі шмат рэчаў, якія мне не падабаюцца, якія б я памяняла. Але і Армэнію радзімай назваць не магу: была там толькі пару разоў і амаль што як турыстка.

Армэнія пасьля рэвалюцыі: Прэзыдэнт падаў у адстаўку, і людзі пачалі менш яго ненавідзець

Цяпер вучуся ў БДУ на факультэце бізнэсу і мэнэджмэнту. Люблю вандраваць, самарэалізацыя і самаўдасканальваньне — для мяне першасныя рэчы. Сваю будучыню я зьвязваю з Армэніяй — я вельмі хачу пераехаць туды жыць».

Яна Пхасават: «Мяне часта прымаюць за цыганку ці кітаянку»

«Я нарадзілася і вырасла ў Гомлі, цяпер працую па разьмеркаваньні ў школе мастацтваў. Па прафэсіі я мастачка. Таксама валянтэру ў клюбе ЮНЭСКО і ў міжнароднай сетцы Y-PEER.

Мае бацькі пазнаёміліся ва ўнівэрсытэце — тата прыехаў з Лаосу вучыцца расейскай філялёгіі. Гэта забаўна, бо ён і па сёньня зь вялікім акцэнтам гаворыць па-расейску. Ён быў адным з найлепшых вучняў у сваёй школе, і яму прапаноўвалі паехаць вучыцца ці ў Нямеччыну, ці ў Беларусь. Ён абраў Беларусь і, напэўна, потым шкадаваў.

У маіх бацькоў ня склаліся стасункі, і тата зьехаў у Тайлянд каля 6 гадоў таму. Напэўна, гэта адбылося таму, што яны людзі розных культур і сьветапоглядаў. У Лаосе жанчына мусіць быць амаль што рабыняй і рабіць усё, што скажа муж. Мая мама дакладна не такая.

Дарэчы, у таты цяпер новая жонка, і яна літаральна на пару гадоў старэйшая за мяне. Я як даведалася, нават пашкадавала гэтую дзяўчыну. Уявіла сябе на яе месцы і падумала: «Ну як так?». Але для яе гэта, напэўна, прэстыжна, бо мой тата лічыцца чалавекам адукаваным — выгадная шлюбная партыя. Цяпер мы з татам рэдка, але ўсё-ткі падтрымліваем сувязь праз Skype ці Facebook.

Мне цяжка апісаць характар лаосцаў. Нават тату не магу ахарактарызаваць — ён быў проста татам, які ня моцна адрозьніваўся ад беларусаў. Яны звычайна працавітыя, аддаюцца цалкам сваёй справе, у іх гнуткі розум. Я часам думаю, што мне гэта ад таты перадалося: я лёгка вучуся, хутка знаходжу выйсьце з сытуацыі.

Лаос — такі ж прыгожы і цікавы, як Тайлянд, але не сапсаваны турыстамі. Яшчэ ніколі там не была, але вельмі хачу даехаць. Тата вельмі ганарыцца, што мае дзяцей у Беларусі.

Я спрабавала вучыць лаоскую мову, магу павітацца, палічыць да дзесяці. Тата ніколі не настойваў, каб мы сур’ёзна вывучалі ягоную мову, культуру. Наадварот, ён імкнуўся хутчэй інтэгравацца.

Калі я была маленькая, тата шмат распавядаў пра Лаос, нават маляваў іхняе жытло, дамы на вадзе. Распавядаў лаоскія казкі, тлумачыў традыцыі. Прыносіў нейкія запісы, паказваў танцы і песьні. Але я і брат несур’ёзна да гэтага ставіліся.

Я ідэнтыфікую сябе як беларуску, і радзіма для мяне — Беларусь. Я тут вырасла, характар як у беларускі, люблю беларускую ежу і мову.

Часам у дзяцінстве былі некаторыя зьдзекі з той прычыны, што я інакш выглядаю. Спачатку мне было крыўдна, а потым, калі мяне называлі кітаянкай, то я думала: „Ну я ж не кітаянка! Такі ты дурны, не разумееш...“.

Бывае, што мяне прымаюць за цыганку. Аднойчы ў транспарце я ехала з малодшым братам і забылася на даведку навучэнкі. Кандуктарка не паверыла, што я яшчэ вучуся ў школе, і падумала, што брат — мой сын. Гучна сказала: „Панараджаюць цыганы дзяцей, а потым падманваюць“. Напэўна, гэта быў самы непрыемны момант, зьвязаны з маёй зьнешнасьцю.

Агулам, мая скура, бадай, смуглявая, а ня цёмная ці жоўтая. Таму нескладана падабраць танальнік. Але некаторыя рэчы на мне проста нябачныя: румянаў, калі я чырванею ці плачу — ніхто не заўважае. Што тычыцца валасоў, я толькі нядаўна зразумела, што зь імі трэба рабіць. Раней яны былі кучаравыя, і я пастаянна іх выпроствала.

Калі ў дзяцінстве я магла яшчэ расстройвацца з прычыны сваёй зьнешнасьці, то цяпер яе вельмі люблю. Бывае, гляджу на сябе ў люстэрка і думаю: як можна быць такім прыгожым чалавекам?»

Алана Марыям: «У дзіцячым садку са мной не хацелі гуляць, а ў школе малявалі свастыку ў сшытках»

«Мой тата прыехаў у Беларусь з Этыёпіі. Бацькі пазнаёміліся падчас вучобы на навуковай канфэрэнцыі пасьля асьпірантуры. Мая мама вельмі любіць незвычайныя рэчы, і яна ўбачыла ў таты на руцэ гумовы бранзалет. Тады, у 90-я гады, гэта было вялікай рэдкасьцю. Тата паабяцаў ёй такі бранзалет. Але, акрамя гумкі, заваліў яе падарункамі: джынсы, розныя ўпрыгожаньні.

Празь некаторы час яны пачалі мець зносіны, але мама была ўпэўненая, што нічога сур’ёзнага ня будзе. Хутка ўсё закруцілася, завярцелася, і яны «дастасаваліся». Тата нават прыходзіў да маёй бабулі і плакаў: «Дзе Люба? Я жыць не магу безь яе!».

На пачатку 1990-х тату прапаноўвалі пераехаць у Нямеччыну. Ён ужо быў гатовы, бо меў там сяброў, але мама зацяжарала братам і паставіла ўльтыматум: або мы застаёмся ў Беларусі, або сына ты болей не пабачыш. Яны ажаніліся і разам па сёньня. Праўда, тата мусіў сем год таму зьехаць на радзіму ў Этыёпію з прычыны расізму і складанасьцяў зь бізнэсам. Іх стасункі працягваюцца на адлегласьці.

Ён доўга ня мог прывыкнуць да холаду, акліматызавацца. Яшчэ яму было цяжка з прычыны стаўленьня людзей. Ва ўнівэрсытэце было прасьцей — у Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным унівэрсытэце тады навучалася шмат замежнікаў. А пасьля яго ня раз зьбівалі, перашкаджалі весьці бізнэс. Дый на вуліцах абражалі, бывала, дзеці камяні кідалі.

Я таксама сутыкалася з праблемамі з прычыны зьнешнасьці. У дзіцячым садку са мной не хацелі гуляць. Дзеці не разумелі, што я такое, часта мы біліся... У школе мяне тролілі. Малявалі ў сшытках свастыку, казалі, што страшная, кідаліся лёдам. Бывае, цяпер мне таксама прысьвістваюць усьлед, кажуць: «Ну што, нэгрыцянка, пайшлі патра**ся».

Усё памянялася, калі пайшла ва ўнівэрсытэт. Я вучуся ў Беларускім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце, а ён заўсёды адзначаўся мультыкультурнасьцю. Спадзяюся, што я справілася з большасьцю комплексаў, якія ўва мне насадзілі сям’я і школа. Але мяне і па сёньня турбуе: чаму людзі так ставяцца да іншага?

Я сама ніколі не была ў Этыёпіі, але мы плянуем зь сябрамі ў наступным годзе паехаць туды. Этыёпія ніколі не была эўрапейскай калёніяй, і там жывуць вельмі свабодалюбівыя людзі. Яны дакладна не такія памяркоўныя і цярплівыя, як беларусы.

Асноўная мова Этыёпіі — амхарская. Я ўсё жыцьцё хачу яе вывучыць, ведаю некаторыя словы. Але мой тата кажа, што гэта мёртвая для мяне мова, бо я не пляную жыць на яго радзіме. І гаворыць ён са мной па-расейску. Мяне такое стаўленьне трохі турбуе.

Калі тата прыяжджае, мы гатуем этыёпскую ежу. Яна вельмі вострая, бо любяць дадаваць паўсюль чырвоны перац. Тата часта прывозіць вельмі кіслыя сухія праснакі, якія робяцца зь нейкай мясцовай расьліны. Шмат ядуць нут, любяць каву, бо Этыёпія — радзіма кавы. А вось мяса амаль не ядуць.

Краіна вялікая, і некаторыя часткі ўражваюць сваёй экзатычнасьцю. Дзесьці людзі надзяюць кольцы на шыю. Чым даўжэйшая шыя, тым вышэйшы ў чалавека статус. У іншых народнасьцяў прынята адцягваць вусны. Яшчэ ў Этыёпіі вельмі прыгожая нацыянальная вопратка, мне тата ў маленстве падараваў строй. Ён расшыты кветкамі і ўпрыгожаны пацеркамі.

У Этыёпіі вельмі праваслаўнае насельніцтва. Лічаць, што толькі іх вера правільная. І яны маюць свой каляндар: цяпер там 2010 год.

Этыёпы выглядаюць інакш, чым жыхары Заходняй Афрыкі. Некаторыя этнолягі нават вылучаюць асобную этыёпскую расу. Яны заўсёды вельмі худыя і высокія. Я, напрыклад, раней займалася мадэлінгам. Скура ў некаторых вельмі сьветлая, амаль як у арабаў.

Калі я прыходжу ў цырульню, часта бачу на твары майстра: «А што зь ёй можна зрабіць?». У мяне вельмі густыя і кучаравыя валасы. Калі мяне вельмі коратка падстрыгчы, я буду выглядаць як дзьмухавец. Мае валасы ня створаныя для нашага клімату, таму яны сушэйшыя, чым павінны быць. Часта шампуні сушаць, а тыя, што пасуюць, вельмі дарагія.

З касмэтыкай таксама складана. Я выбіраю самы цёмны колер танальніку, але ён амаль заўсёды не пасуе. Я не магу дазволіць сабе супэрдарагія фірмы, дзе палітра больш разнастайная.

Калі казаць пра самаідэнтыфікацыю, то часта думаю: чаго ўва мне болей? Схіляюся да таго, што ўсё-ткі мяккая беларусізацыя на мяне паўплывала. Жыву тут усё жыцьцё, дый большы ўплыў ад мамы, вось і беларускасьці болей.

Але я не магу адмовіцца ад этыёпскай часткі. Мне падабаецца музыка, культура, я ўсё-ткі хачу вывучыць мову. Мне хочацца паехаць папрацаваць у Афрыку доктаркай ці прымяніць іншыя мае навыкі — я актывістка Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. Афрыканская частка заўсёды са мной, нават на твары. Я яе люблю, гэта маё натхненьне. Я не саромеюся таго, што не такая, як усе».

«Цяжка сказаць, хто я». Як выпускнікам польскіх школаў у Беларусі жывецца ў Польшчы