Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў: ЭАЭС так і ня стаў рэальнасьцю

Старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валеры Варанецкі

Старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валеры Варанецкі лічыць, што Эўразійскі эканамічны саюз (ЭАЭС) пакуль ня стаў рэальнасьцю. Гэтую заяву ён зрабіў, выступаючы на парлямэнцкіх слуханьнях «Прававыя і практычныя асновы паляпшэньня інвэстыцыйнага клімату ў Беларусі».

На думку Варанецкага, дагэтуль у ЭАЭС няма «адзіных палітык» у галіне эканомікі і фінансаў, узьнікаюць бар’еры і абмежаваньні. Вытворцы ў Беларусі не заўжды могуць без перашкод прадаваць сваю прадукцыю на тэрыторыі саюзу, а супрацоўнікі гэтай міжнароднай арганізацыі больш займаюцца пратэкцыянізмам сваіх эканомік, чым агульнымі справамі. Таму, лічыць старшыня міжнароднай камісіі, ЭАЭС можа быць пастаўлены пад пагрозу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Портнікаў: Да Лукашэнкі ў сьвеце будуць ставіцца сур’ёзна, калі Беларусь выйдзе з АДКБ і ЭАЭС

Валеры Варанецкі закрануў і дачыненьні Беларусі з Эўразьвязам. На яго думку, пры наяўнасьці пэўнага прагрэсу ёсьць і значныя перашкоды. Галоўная зь іх — Беларусь да гэтага часу ня мае базавага пагадненьня з Эўразьвязам. Тады як многія краіны Эўропы лічаць, што Беларусь не зьяўляецца пэрспэктыўнай для накіраваньня туды інвэстыцый — найперш праз высокую ступень умяшаньня дзяржавы ў справы бізнэсу.