Прадстаўнікі Вялікай Брытаніі і Эўразьвязу ўзгаднілі папярэдні тэкст пагадненьня аб Brexit, што азнаменавала значны прарыў у перамовах, якія доўжыліся на працягу апошніх некалькіх месяцаў.
Як паведамляе ВВС са спасылкай на крыніцу ў Кабінэце міністраў, дакумент быў узгоднены на тэхнічным узроўні службовымі асобамі абодвух бакоў пасьля інтэнсіўных абмеркаваньняў на гэтым тыдні.
14 лістапада адбудзецца спэцыяльнае пасяджэньне ўраду, на якім прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй папросіць кабінэт ухваліць праект дакумэнту перад накіраваньнем яго ў парлямэнт. Па меры таго як чальцы кабінэту знаёмяцца з тэкстам, Мэй сустракаецца зь імі сам-насам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першая міністарка Шатляндыі пра Brexit: адзінае рашэньне — незалежнасьць14 лістапада сканчаецца тэрмін, у які брытанскі ўрад павінен быў зацьвердзіць умовы выхаду краіны з Эўразьвязу. Калі бакам удасца дасягнуць выніковай угоды, яна павінна атрымаць ухваленьне Эўрапарлямэнту і брытанскіх заканадаўцаў.
Лідэры Эўразьвязу змогуць сустрэцца на саміце 25 лістапада, каб ухваліць угоду, калі яе падтрымае кабінэт Мэй, піша Reuters.
Праз дэталі пагадненьня аб Brexit Тэрэза Мэй сутыкнулася з крытыкай у сваёй Кансэрватыўнай партыі. Апазыцыйная Лейбарысцкая партыя заявіла, што будзе супрацьстаяць любой угодзе, якая не захоўвае «тыя ж» эканамічныя выгады з Эўразьвязам, якія Вялікая Брытанія мае цяпер.
Тэрэза Мэй раней заяўляла, што, калі дамовы ня ўдасца дасягнуць, Вялікая Брытанія выйдзе з ЭЗ безь яе. Заплянаваны тэрмін выхаду з Эўразьвязу — 29 сакавіка 2019 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядомыя музыканты напісалі ліст Тэрэзе Мэй з просьбай не дапусьціць Brexit