Намесьнік Макея сустрэўся з апостальскім нунцыем. Падрабязнасьці размовы не раскрываюцца

Пытаньні супрацоўніцтва Беларусі і Ватыкана абмеркаваныя 13 лістапада на сустрэчы намесьніка міністра замежных спраў Алега Краўчанкі і апостальскага нунцыя (пастаянны дыпляматычны прадстаўнік папы рымскага) Габара Пінтэра, паведаміла прэс-служба МЗС.

Падрабязнасьці размовы не прыводзяцца, паведамляе БелаПан.

Афіцыйны Менск даўно чакае прыезду пантыфіка ў Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арцыбіскуп Кандрусевіч: вымалёўваецца надзея на візыт Папы ў Беларусь

Падчас візыту ў Ватыкан у траўні 2016 года Аляксандр Лукашэнка прапанаваў папе рымскаму Францішку сустрэцца з патрыярхам Кірылам на беларускай тэрыторыі. Незадоўга да гэтага, у лютым, пантыфік сустракаўся з прадстаяцелем РПЦ на Кубе.

Пасьля сустрэчы з папам рымскім Лукашэнка заявіў: «Я выказаў думку, што пантыфіку пара прыехаць у Беларусь і разам з нашым патрыярхам сустрэцца з нашымі жыхарамі». Сваю прапанову ён паўтарыў на сустрэчы з удзельнікамі пленарнага пасяджэньня Савета біскупскіх канфэрэнцый Эўропы 28 верасьня 2017 года ў Менску.