Порт у вёсцы пад Брагінам можа ператварыць Беларусь у марскую дзяржаву

Палесьсе. Рака Прыпяць. Ілюстрацыйнае фота

Порт у вёсцы пад Брагінам можа ператварыць Беларусь у марскую дзяржаву. Пра гэта сёньня паведаміў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Турцыі Андрэй Савіных, размаўляючы з журналістамі падчас рабочага візыту турэцкай дэлегацыі ў Гомель, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Андрэй Савіных падкрэсьліў, што цяпер беларуска-турэцкія адносіны разьвіваюцца вельмі дынамічна па ўсіх напрамках.

Андрэй Савіных

«Асаблівую ўвагу ўдзяляем разьвіцьцю транспартнай інфраструктуры. У прыватнасьці, нашыя турэцкія партнэры разглядаюць магчымасьць будаўніцтва порта ў Ніжніх Жарах Брагінскага раёна, які ператворыць Беларусь у марскую дзяржаву», — падкрэсьліў пасол.

Паводле яго слоў, па новым транспартнаму калідоры Беларусь зможа адпраўляць грузы ў рачным порце, а караблямі «рака-мора» дастаўляць іх ня толькі ў дзяржавы Чарнаморскага басэйна. Беларусі стануць даступныя рынкі больш за 20 краін.

Паводле пасла Савіных, дзякуючы гэтаму Беларусь зможа зьнізіць кошт перавозкі грузаў, а Гомельская вобласьць стане адным з галоўных рухавікоў эканамічнага росту для ўсёй Беларусі.