Дзярждума Расеі забараніла вайскоўцам дзяліцца інфармацыяй у інтэрнэце

Вайскоўцы з расейскай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера ў Сырыі

Дзяржаўная дума Расеі 8 лістапада прыняла ў першым чытаньні папраўкі ў закон аб статусе вайскоўцаў. Яны забараняюць дзейным расейскім вайскоўцам выкладваць у інтэрнэт і ў СМІ інфармацыю пра сябе ці пра іншых вайскоўцаў.

Абмежаваньне закране як кантрактнікаў, так і вайскоўцаў тэрміновай службы. Пад забарону трапляюць ня толькі фота і відэа, але і кантактныя дадзеныя, «якія дазваляюць раскрыць ведамасную прыналежнасьць, інфармацыю аб службовай дзейнасьці, аб вайсковых часьцях і падразьдзяленьнях і аб месцы іх дысьлякацыі». Гэта значыць практычна любая інфармацыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждума Расеі пастанавіла штрафаваць і саджаць у турму тых, хто выконвае замежныя санкцыі

Намесьнік кіраўніка Міністэрства абароны Расеі Мікалай Панкоў, які прадстаўляў закон у Дзярждуме, асобна растлумачыў, што ён не накладвае ніякіх абмежаваньняў на жонак расейскіх вайскоўцаў. Не датычыць ён і тых, хто ўжо звольнены з войска.

Законапраект быў унесены расейскім урадам у Думу два месяцы таму. У тлумачальнай запісцы да закону сказана, што расейскія вайскоўцы «ствараюць асаблівую цікавасьць для спэцыяльных службаў асобных дзяржаў, тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый». А інфармацыя, якую яны разьмяшчаюць у сацсетках, на форумах або ў СМІ, «ўжываецца для інфармацыйнага і інфармацыйна-псыхалягічнага ўзьдзеяньня, а таксама ў асобных выпадках для фармаваньня прадузятай ацэнкі дзяржаўнай палітыкі РФ».

Аўтары закону не хаваюць, што менавіта неасьцярожна разьмешчаныя расейскімі вайскоўцамі фота і відэа дазволілі раскрыць расейскую прысутнасьць у Сырыі яшчэ да таго, як пра гэта было абвешчана афіцыйна, і ў большым аб’ёме, чым гэта было абвешчана афіцыйна. Такія ж выкрыцьці расейскіх вайскоўцаў раней былі зробленыя падчас ваеннага канфлікту ў Данбасе. Адкрытымі крыніцамі і сацсеткамі карыстаюцца ў сваіх расьсьледаваньнях каманды Bellingcat, CIT і іншыя.

За парушэньне забароны вайскоўцаў дазволена прыцягваць да дысцыплінарнай адказнасьці, але рашэньне аб тым, якім будзе пакараньне, павінен прымаць камандзір часткі.