Першы выступ Беларускага свабоднага тэатру ў Кіеве прайшоў з аншлягам

Сёньня акторы «Беларускага свабоднага тэатру» зноў выйдуць на сцэну Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Івана Франка ў Кіеве.

Напярэдадні ўкраінская аўдыторыя доўга не адпускала актораў, дзякуючы трывалымі воплескамі за спэктакль «Burning Doors» («Палаючыя дзьверы»). Нягледзячы на даволі сьціплую рэклямную кампанію гастроляў Беларускага свабоднага тэатру ў Кіеве і дастаткова дарагія квіткі, тэатральная заля была запоўнена ўшчыльную.

«Брава» ад украінскіх гледачоў Беларускаму тэатру

У спэктаклі апавядаюцца гісторыі трох дзеячаў культуры, якія апынуліся ў турме — актывісткі фэмінісцкага панк-гурту Pussy Riot Марыі Алёхінай, расейскага мастака Пятра Паўленскага і ўкраінскага кінарэжысэра Алега Сянцова.

Беларусы не для Беларусі

За два гады ад моманту стварэньня пастаноўку пабачылі на чатырох кантынэнтах у 40 краінах. І паўсюль яна выклікала пазытыўныя водгукі. Газэта The New York Times прызнала яе трэцяй найбольшай тэатральнай падзеяй 2017 году ў Амэрыцы.

Мастацкая кіраўніца тэатру Натальля Каляда і музыка гурту «Бумбокс» Андрэй Хлыўнюк у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны распавядаюць аб спэктаклі

У Беларусі гэты спэктакль наўрад ці можна будзе пабачыць. «Улада Беларусі не гатовая да гэтага — нам па-ранейшаму ніхто не дазваляе ня тое, каб адыграць гэты спэктакль, нам не дазваляюць арандаваць памяшканьне, прадаваць квіткі. Усё пад забаронай. У Беларусі нічога не мяняецца. Мне здаецца, што пэўную лібэралізацыю бачаць толькі эўрапейцы, для нас яе няма. Мы па-за гэтым працэсам», — кажа заснавальнік тэатру і рэжысэр-пастаноўнік спэктаклю Мікалай Халезін.

На мяжы магчымасьцяў

Спэктакль пабудаваны на рэальных гісторыях і выказваньнях герояў, прадстаўленых незвычайнымі тэатральнымі сродкамі. Мастацкая кіраўніца тэатру Натальля Каляда называе іх інавацыйнымі: «Беларускі свабодны тэатар працуе на пэўнай тэатральнай мове, і вядомы ў сьвеце сваёй тэатральнай эстэтыкай. Мы ўнікальныя тым, што адначасова са спэктаклямі ажыцьцяўляем сацыяльныя кампаніі на тыя тэмы, пра якія апавядаем у нашых спэктаклях. Гэта наша роля ствараць мастацтва, паралельна застаючыся людзьмі, якіх турбуе сытуацыя з правамі чалавека».

Паказ спэктаклю ва Ўкраіне адбываецца ў межах міжнароднай кампаніі «Вызваліць Сянцова».

Акторы кожную хвіліну у сваіх ролях дэманструюць мяжу фізычных магчымасьцяў — калі яны знаходзяцца на допытах у сьледчых, у камэрах ці пад катаваньнямі. І такія ж адчуваньні «мяжы» выклікаюць у гледача. Разам з інавацыямі аўтары спэктаклю выкарыстоўваюць і натуралістычныя вобразы: акторы на сцэне агаляюцца і карыстаюцца нецэнзурнай лексыкай. Так выглядаюць сапраўдныя умовы, у якіх знаходзяцца зьняволеныя. «Спэктакль цяжкі, але выклікае захапленьне», — кажуць гледачы пасьля заканчэньня паказу.

Адна са сцэн спэктаклю пра гісторыю Марыі Алёхінай

Міністру інфраструктуры Ўкраіны Ўладзімеру Амеляну спэктакль парэкамэндавалі сябры, якія бачылі яго на сцэне ў Нью-Ёрку. «Мы не пашкадавалі ніводнай сэкунды, што прыйшлі на спэктакль», — кажа ён, прадстаўляючы сваю жонку Сьвятлану.

І дадае, жартуючы: «Гэтая тэматыка цяпер блізкая і мне, улічваючы расьсьледаваньне, якое праводзіцца ў дачыненьні да мяне». Антыкарупцыйныя органы Ўкраіны абвінавачваюць Уладзімера Амеляна у незаконным узбагачэньні. Расьсьледаваньне ўжо завершана і неўзабаве справу перададуць у суд.

«То трэба быць гатовым да ўсяго. Трэба не баяцца і ісьці наперад. Вельмі важна, што менавіта гэтая думка праводзіцца праз увесь спэктакль. Калі ты ўпэўнены ў сваёй праваце — ня спыняйся і цябе нічога ня спыніць, ты пераможаш. Гэта страшны лёс кожнага чалавека, які праходзіць і праз цябе — пакуты ня толькі маральныя, а й фізычныя. Яны ня ведаюць, што будзе заўтра. Але яны не пабаяліся, пайшлі ў гэтую невядомасьць дзеля сваёй ідэі і перамаглі», — кажа ўкраінскі міністар.

У ролі Алёхінай — сама Алёхіна

Ролю Марыі Алёхінай, якая амаль два гады адседзела ў турме за панк-малебен у маскоўскім храме Хрыста Збавіцеля, выконвае сама Марыя Алёхіна. Ёй, дарэчы, гледачы ў межах спэктаклю маглі паставіць пытаньні: аўтары пастаноўкі задзейнічалі інтэрактыўную складавую і ўвялі ў ягоную канву невялікі «глядацкі» брыфінг. Што дазволіла не зламацца і як выратаваць Алега Сянцова — галоўнае, што цікавіла гледачоў.

Расейскі мастак Пётар Паўленскі трапіў пад перасьлед ў выніку некалькіх акцыяў — каб патрымаць удзельніц панк-гурта Pussy Riot, ён зашываў сабе рот, а пазьней — за падпал дзьвярэй у будынку Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі (паводле гэтай акцыі і абрана назва спэктаклю). Пад час трыманьня пад вартай яго неаднойчы накіроўвалі ў псыхлякарню на экспэртызу.

І Марыю Алёхіну, і Пятра Паўленскага вызвалілі паводле амністыі.

З адкрытым фіналам застаецца гісторыя ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова, які адбывае ў Расеі 20-гадовы турэмны тэрмін паводле абвінавачваньня ў тэрарызьме. На знак пратэсту ён 145 дзён трымаў галадоўку, якая стала адным з найбольш трывалых «галодных» пратэстаў у сусьветнай гісторыі палітычнай барацьбы.
«Тое, што зараз адбываецца з Алегам перайшло для нас ужо ў сацыяльную місію, з агульнай — у асабістую. Гэта наш асабісты выклік. Нам трэба яго вызваліць. Алег — гэта той кручок, які можа выцягнуць ўсіх. Калі вызвалім Алега — вызвалім ўсіх», — перакананы рэжысэр Мікалай Халезін.

Плянавалі іншы спэктакль

Беларускі свабодны тэатар ёсьць выключна тэатральнаю зьяваю, пераконваюць ягоныя заснавальнікі, але глебай для спэктакляў яны абіраюць рэальныя сытуацыі ў галіне правоў чалавека.

«Першапачаткова мы хацелі рабіць спэктакль, які называўся б "Менскі працэс" — пра менскія пагадненьні і ўвесь бруд, што ў іх прысутнічае. Але мы вырашылі, што нам цікавей абраць іншую місію. Мы не жадаем гаварыць пра бруд у палітыцы, хаця мы аб гэтым ведаем — у нас велізарная колькасьць інсайдэрскай інфармацыі. І гэтыя дыялёгі, вы не паверыце, колькі ў іх сапраўднага. Усё гэта апавядалі людзі, якія знаходзяцца ў сярэдзіне працэсу», — кажа Мікалай Халезін.

Паводле яго, цяпер Беларускі свабодны тэатар плянуе нарошчваць супольныя з Украінай творчыя праекты. Налета адбудзецца прэм’ера дакумэнтальнага фільма Return Ticket — ён ствараецца пры дапамозе Міжнароднай асацыяцыі журналістаў, каб прыцягнуць увагу ўсясьветнай супольнасьці да палітычных вязьняў Крамля. У ліпені ўкраінскі гурт «Бумбокс» і Беларускі Свабодны тэатар зладзілі акцыю на мяжы з Крымам «Канцэрт для скрадзенай зямлі». Дарэчы, прыбытак ад продажу квіткоў на кіеўскі спэктакль «Палаючыя дзьверы» будуць перададзеныя сваякам украінцаў, якія знаходзяцца ў расейскіх турмах.

«Калі нас ня хоча бачыць беларускі ўрад, мы гатовыя працаваць з Украінай і прыкласьці ўсе намаганьні, каб дапамагчы краіне ў тэатральным сэнсе інтэгравацца ў Эўрапейскі Зьвяз. Калі Ўкраіна ў нас зацікаўленая, мы гатовыя працаваць тут. А беларусы будуць, як і раней, на канцэрты Ляпіса Трубяцкога езьдзіць ва Ўкраіну. Але мы ж ставім і ў Менску па 3-4 спэктаклі на тыдзень. Ну і што, што падпольна? Затое гараж, у якім мы граем — гэта самая вядомая ў сьвеце тэатральная прастора Беларусі», — тлумачыць Мікалай Халезін.

Рэжысэр мяркуе, што адказнасьць перад украінскімі глядачамі іншая: «У Нью-Ёрку, Лёндане, Мэльбурне ці Гамбургу — адно ўспрыманьне. Там людзі ўспрымаюць гісторыю, слухаюць яе і ўнікаюць. Яны сьмяюцца, засмучаюцца, але яны глядзяць, як назіральнікі. Ва Ўкраіне адказнасьць у тысячу разоў вышэй, таму што гэтым людзям немагчыма схлусіць — гэта іхная гісторыя. Калі б зманілі — ніхто б ня пляскаў стоячы. Гэта іншая размова і іншая гісторыя. Сёньня на спэктаклі не было сьмеху. Я бачыў, як людзі пырскалі ў кулак і зноў вярталіся ў свае эмоцыі. Яны пакуль ня могуць дазволіць сабе сьмяяцца з гэтага. Яны сканцэнтраваныя, удзячныя за спэктакль, але яны будуць глядзець яго па іншаму, таму што гэты спэктакль пра іх. У гэты спэктакль мы не ўпісалі ніводнага свайго слова. Гэта ўсё чыстая праўда».

Зьменшыць пагрозы праз тэатар

Адначасова тэатар распрацоўвае і беларускую тэматыку.
«Цяпер мы праводзім кампанію за роўныя правы ЛГБТ-супольнасьці ў Беларусі, апошні раз нашых студэнтаў арыштоўвалі ў чэрвені за правядзеньне мастацкай акцыі. І працягваем увесь час распрацоўваць тыя тэмы, якія ёсьць закрытымі ня толькі для беларускага грамадзтва, але і для іншых», — дадае Натальля Каляда.

Андрэй Хлыўнюк, Натальля Каляда і дэпутаты Вярхоўнай рады Ўкраіны — Мустафа Наем ды Сяргей Лешчанка

«Нам нецікава быць закрытай сыстэмай. Калі мы будзем апавядаць толькі аб адной краіне, то ня зможам вырашыць праблемы, што сёньня існуюць у сьвеце. Бо ўсё ўзаемазьвязана! Цяпер неабходна гаварыць аб геапалітычным вузьле — Расея, Украіна, Беларусь, бо тое, што цяпер робіць Расея на чале з Пуціным — гэта пагроза ня толькі для Ўкраіны ці для Беларусі. Гэта пагроза для ўсяго сьвету», — падкрэсьліла мастацкая кіраўніца Беларускага свабоднага тэатру.