Паўабаронца англійскага «Лівэрпулю» і зборнай Швайцарыі Джэрдан Шакіры не прыедзе ў Бялград на матч Лігі чэмпіёнаў супраць мясцовага клюбу «Црвэна Звэзда». Англічане не ўключылі яго ў заяўку «зь меркаваньняў бясьпекі».
Юрген Клёп, галоўны трэнэр фіналістаў мінулага турніру і аднаго з галоўных фаварытаў цяперашняга, камэнтуючы рашэньне пакінуць гульца ў Лівэрпулі, заявіў, што ў курсе, «які прыём чакае Шакіры» ад сэрбаў, і баіцца гэтага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Швайцарскіх футбалістаў пакаралі за палітычныя жэстыДжэрдан Шакіры, які зьяўляецца найлепшым бамбардзірам зборнай Швайцарыі сярод усіх яе дзейных гульцоў, мае альбанскія карані: ён нарадзіўся ў сям’і косаўскіх альбанцаў. Гулец неаднаразова публічна падтрымліваў незалежнасьць Косава ад Сэрбіі, праз што атрымліваў у свой адрас пагрозы з боку сэрбскіх заўзятараў, а на чэмпіянаце свету па футболе ў Расеі быў аштрафаваны ФІФА.
Летась УЭФА двойчы карала «Црвэну Звэзду» за паводзіны яе фанатаў: спачатку частковым закрыцьцём трыбун бялградскага стадыёна — за кіданьне заўзятарамі на поле прадметаў і блякаваньне выхадаў, а потым двума матчамі без гледачоў — за расісцкае скандаваньне фанатаў.
Матч Лігі чэмпіёнаў паміж «Црвэнай Звэздай» і «Лівэрпулем» пройдзе ў Бялградзе 6 лістапада.