Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швайцарскіх футбалістаў пакаралі за палітычныя жэсты


Граніт Джака (зьлева) і Джэрдан Шакіры
Граніт Джака (зьлева) і Джэрдан Шакіры

Міжнародная футбольная фэдэрацыя ФІФА пакарала двух гульцоў зборнай Швайцарыі штрафамі за палітычныя жэсты падчас гульні супраць зборнай Сэрбіі на чэмпіянаце сьвету па футболе. Але пры гэтым футбалістам дазволена гуляць у наступных матчах.

Граніт Джака і Джэрдан Шакіры атрымалі папярэджаньні і штрафы па 10 тысяч швайцарскіх франкаў (крыху больш за 10 тысяч даляраў). Папярэджаньне і штраф атрымаў таксама капітан швайцарскай зборнай Штэфан Ліхтштайнэр.

Джака і Шакіры — этнічныя альбанцы з Косава. Пасьля кожнага з забітых мячоў, дзякуючы якім зборная Швайцарыі атрымала перамогу ў матчы супраць Сэрбіі зь лікам 2:1, футбалісты крыжавалі рукі, імітуючы двухгаловага арла, які намаляваны на сьцягу Альбаніі. Заўзятары сэрбскай каманды тады асьвісталі футбалістаў.

Пасьля матчу Джака заявіў, што паказаў гэты жэст у падтрымку сваіх родных. Бацькі футбаліста — косаўскія альбанцы, якія эмігравалі ў Швайцарыю пасьля таго, як бацька футбаліста правёў у турме тры з паловай гады за ўдзел у незалежніцкім руху ў Косаве.

Шакіры сказаў, што не спрабаваў ўкласьці ніякага палітычнага сэнсу ў свой жэст.

Як заявілі ў дысцыплінарным камітэце, яшчэ адно расьсьледаваньне пачалі ў сувязі з «палітычнымі і абразьлівымі» паводзінамі заўзятараў зборнай Сэрбіі.

Падчас матчу Сэрбія-Швайцарыя
Падчас матчу Сэрбія-Швайцарыя

Акрамя таго, яшчэ адно расьсьледаваньне адкрылі ў дачыненьні да трэнэра сэрбскай зборнай Младэна Крстаіча пасьля ягоных выказваньняў на адрас рэфэры Фэлікса Брыча, пра якія паведамілі сэрбскія СМІ, Крстаіч нібыта сказаў, што «ня стаў бы даваць яму ні чырвоную, ні жоўтую карткі, а адразу ж бы адправіў у Гаагу. Там яго будуць судзіць гэтак жа, як і нас».

Трэнэр швайцарскай нацыянальнай зборнай, выхадзец з Босьніі, Уладзімір Петкавіч заявіў, што не варта зьмешваць футбол і палітыку.

Футбалісты зборнай Швайцарыі сьвяткуюць каля трыбуны са сваімі заўзятарамі.
Футбалісты зборнай Швайцарыі сьвяткуюць каля трыбуны са сваімі заўзятарамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG