Гомельская прыбіральня за паўтара мільёна рублёў закрылася пасьля візыту Лукашэнкі

У Гомлі адкрылі прыбіральню за паўтара мільёна рублёў. ФОТА

Грамадзкая прыбіральня ў гомельскім парку, кошт якой ня меншы за паўтара мільёнаў рублёў, не працуе. «Маўзалей» — так ахрысьцілі мясцовыя людзі прыбіральню — працаваў у тэставым рэжыме з 25 кастрычніка, у час Форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі.

Ні кошт наведваньня «маўзалею», ні канчатковы кошт будаўніцтва пакуль не называюцца. Гомельскае ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва абяцае назваць лічбу пасьля падлікаў і перадачы прыбіральні на балянс парку. Паводле тэндэру, прыбіральня ацэньвалася больш як у 1,5 млн рублёў.

Аб’ект павінен быў здадзены ў сьнежні 2018-га. Але будаўнікі справіліся раней, і 25 кастрычніка прыбіральня прыняла першых наведнікаў — прычым бясплатна.

У адміністрацыі палацава-паркавага ансамблю зазначылі, што прыбіральня не працуе, бо пакуль не прынятая на балянс. Таму невядомы і кошт яе наведваньня.

Работы замаўляла ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва. Там адказалі, што цяпер афармляюцца неабходныя паперы, у прыватнасьці, акт уводу абʼекту. Афармленьне дакумэнтаў патрабуе пэўнага часу — да двух месяцаў.

Неафіцыйна ва ўпраўленьні кажуць, што прыбіральня будавалася ва аўральным рэжыме, таму засталіся невялікія недапрацоўкі. Будаўнікі іх ліквідуюць.