Як у Празе сьвяткуюць 100-годзьдзе Чэхаславаччыны. ВІДЭА

У сталіцы Чэхіі праходзіць ваенны парад з удзелам больш за 4 тысячы салдат і ваеннай тэхнікі. У авіяцыйнай частцы парада ўдзельнічаюць верталёты і зьнішчальнікі Gripen чэскай арміі. Праз дрэннае надвор’я пралёт шэрагу самалётаў прыйшлося адмяніць.

Сярод гледачоў парада — міністар абароны ЗША Джэймс Мэтыс, які прыляцеў у Прагу на ўрачыстасьці. У сталіцу Чэхіі прыехала таксама кіраўніцтва Славаччыны на чале з прэзыдэнтам Андрэем Кіскам.

Чэхаславацкая рэспубліка была абвешчана 28 кастрычніка 1918 года. У склад новай дзяржавы ўвайшлі Чэскае каралеўства і населеныя славакамі землі Вугорскага каралеўства, якія ўваходзілі ў склад Аўстра-Вугорскай імпэрыі.

У канцы 1992 года дзяржава перастала існаваць, падзяліўшыся на Чэскую і Славацкую рэспублікі. Дату яе стварэньня, аднак, адзначаюць як дзень здабыцьця двума народамі дзяржаўнасьці.