Паліцыя Нью-Ёрку: у пасылак з бомбамі, верагодна, адзін адпраўнік

Паліцыя каля офісу CNN у Нью-Ёрку 24 кастрычніка 2018

У пасылак з бомбамі, адпраўленымі ў дом Гілары і Біла Клінтанаў, Бараку Абаму, на тэлеканал CNN (на імя былога кіраўніка ЦРУ Джона Брэнана) і мільярдэру Джорджу Сорасу, верагодна, быў адзін адпраўнік. Пра гэта заявілі ў паліцыі Нью-Ёрка, паведамляе Associated Press.

Паводле ўладаў, гэта былі простыя самаробныя выбуховыя прылады. Bloomberg са спасылкай на прадстаўніка паліцыі піша, што бомбы былі начынены невядомым рэчывам.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што палітычнаму гвалту няма месца ў Злучаных Штатах. Трамп адзначыў, што ў краіне пачалі буйное фэдэральнае расьсьледаваньне інцыдэнтаў. Мэр Нью-Ёрку Біл дэ Блазіё назваў здарэньні актам тэрарызму.

Аб інцыдэнтах з пасылкамі па адрасах Клінтанаў, Абамы і CNN стала вядома раніцай 24 кастрычніка. Аналагічныя пасылкі былі адпраўленыя былому генэральнаму пракурору Эрыку Голдэру і ў офіс кангрэсмэна Дэбі Васэрман Шульц ў штаце Флорыда. Напярэдадні самаробную бомбу знайшлі ў паштовай скрыні каля дома амэрыканскага мільярдэра, філянтропа Джорджа Сораса ў Нью-Ёрку.