Падчас першага туру галасаваньня Нацыянальны сход Армэніі сёньня ня змог абраць прэм’ер-міністра.
Тры фракцыі — Рэспубліканскай партыі Армэніі, «Царук’ян» і «Дашнакцуцюн» — заявілі, што ня будуць удзельнічаць у галасаваньні, а фракцыя «Елк» заявіла, што ўстрымаецца пры галасаваньні.
У выніку, за кандыдатуру выканаўцы абавязкаў прэм’ер-міністра Нікола Пашыньян прагаласавалі 0 дэпутатаў, 1 дэпутат прагаласаваў супраць, 11 — устрымаліся.
Напярэдадні парлямэнцкая фракцыя «Елк» на гэтую пасаду вылучыла выканаўцу абавязкаў прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна.
Пашыньян і яго палітычная каманда зацікаўленыя ў неабраньні новага прэм’ер-міністра, з дапамогай чаго яны дамагаюцца роспуску парлямэнту і правядзеньня датэрміновых выбараў у заканадаўчы орган. Цяпер у парлямэнце самую буйную фракцыю мае былая кіроўная Рэспубліканская партыя Армэніі.
Згодна з Канстытуцыяй Армэніі, парлямэнт можа быць распушчаны толькі пры ўмове, што на працягу двух тыдняў ён двойчы ня зможа абраць новага прэм’ер-міністра.
Саюзьнікі Пашыньяна, які з тактычных меркаваньняў сышоў у адстаўку 16 кастрычніка, заявілі, што вылучылі яго ў кандыдаты для таго, каб быў выкананы фармальную бок працэдуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм'ер Армэніі Пашыньян падаў у адстаўкуНеабраньне Пашыньяна сёньня стала першым крокам на шляху да роспуску парлямэнту. Калі на працягу тыдня ня будзе вылучаны кандыдат на пасаду прэм’ера-міністра ці галасаваньне 31 кастрычніка па якой-небудзь кандыдатуры не прывядзе да абрання новага прэм’ера, то Нацыянальны сход Армэніі будзе распушчаны сілай закону. У такім выпадку, датэрміновыя парлямэнцкія выбары пройдуць у першай палове сьнежня.