Трамп анансаваў вялікае скарачэньне падаткаў для сярэдняй клясы

Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў журналістам, што яго адміністрацыя плянуе на працягу двух тыдняў выдаць рэзалюцыю аб скарачэньні падаткаў для сярэдняй клясы на 10%. Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Прэзыдэнт удакладніў, што прапанаванае зьніжэньне падаткаў будзе анансаванае да выбараў, аднак галасаваньне ў Кангрэсе адбудзецца пазьней,

«У нас ня будзе часу правесьці галасаваньне да выбараў, — сказаў Трамп журналістам. — Правядзем галасаваньне пасьля выбараў».

Рэспубліканцы, аднапартыйцы Трампа, спадзяюцца ў выніку прамежкавых выбараў 6 лістапада захаваць большасьць і ў Палаце прадстаўнікоў, і ў Сэнаце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп: ЗША гатовыя нарошчваць ядзерны патэнцыял

Выпраўляючыся ў Тэхас на мітынг у падтрымку сэнатара-рэспубліканца Тэда Круза, прэзыдэнт сказаў, што прапанаваны ім плян закліканы дапамагчы не бізнэсоўцам, а сем’ям з сярэдняй клясы і прадугледжвае дадатковыя скарачэньні акрамя тых, што ўжо былі ўведзеныя.

Трамп вылучыў прапанову аб скарачэньні падаткаў на тым жа тыдні, калі завяршыўся 2018 фіскальны год, па выніках якога дэфіцыт дзяржбюджэту пасьля раней прынятага зьніжэньня падаткаў склаў 779 мільярдаў даляраў, што зьяўляецца максымальным паказчыкам за шэсьць гадоў.

У сьнежні мінулага году Трамп зацьвердзіў найбуйнейшую з 1980-х гадоў падатковую рэформу, у адпаведнасьці зь якой падатак для карпарацый быў зьніжаны з 35% да 21%, а большасьць фізычных асобаў таксама атрымалі часовае скарачэньне памеру падаткаў.