Ураджэнца Ганцавіч пяты раз выбралі мэрам польскага гораду

Вадзім Тышкевіч

Вадзім Тышкевіч, пра якога нядаўна пісала Свабода, пяты раз стаў мэрам польскага гораду Нова Суль. На муніцыпальных выбарах, якія сёньня адбыліся ў Польшчы, ураджэнец Ганцавіч набраў 79%, паведамляе Gazeta Lubuska.

Гэта пятыя выбары ў горадзе, на якіх выйграе Тышкевіч. Першыя выбары ён перамог з вынікам 55%, а ў наступных за яго аддалі свае галасы звыш 80% жыхароў гораду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як ураджэнец Ганцавічаў стаў адным з найлепшых польскіх мэраў і зрабіў з гораду казку

Вадзім Тышкевіч нарадзіўся ў Ганцавічах, але ў 7-гадовым узросьце разам з бацькамі пераехаў у Польшчу, у горад Нова Суль непадалёк ад нямецкай мяжы, у Любускім ваяводзтве. Пасьля заканчэньня школы паступіў на факультэт дакладнай мэханікі Варшаўскай палітэхнікі. У 1986 годзе Тышкевіч стварыў сваю кампутэрную фірму і да 2002 году быў пасьпяховым бізнэсоўцам.

У муніцыпальных выбарах палякі выбіралі дэпутатаў мясцовых радаў, войтаў, бургамістраў і мэраў гарадоў. Паводле вынікаў экзіт-полаў, кіроўная кансэрватыўная партыя «Права і справядлівасьць» атрымала 32,3%, на другім месцы Грамадзянская кааліцыя — 24,7%. Трэцяе месца заняла Польская сялянская партыя (16,6%).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мясцовыя выбары ў Польшчы: партыя Качыньскага пагоршыла свае пазыцыі