У выніку нападаў на выбарчыя ўчасткі і ўрадавыя сілы ў Аўганістане ў дзень галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах 20 кастрычніка загінулі прынамсі 25 чалавек.
Пра гэта паведамляе Аўганскае бюро Радыё Свабода. Галасаваньне адкладалі з 2015 году, але цяпер яно будзе праведзена. Яно будзе доўжыцца на дзень даўжэй, чым чакалася.
Некалькі выбухаў адбыліся на участках у сталіцы краіны Кабуле, загінулі як мінімум тры чалавекі, больш за 30 параненыя, паведамляюць прадстаўнікі мэдычных службаў. У цэнтральнай правінцыі Гор забітыя 11 паліцэйскіх, тры чалавекі забітыя ў паўночнай правінцыі Кундуз, якая мяжуе з Таджыкістанам.
Чарга на выбарчы ўчастак у Кабуле.
Нягледзячы на напады, прэзыдэнт Аўганістану Ашраф Гані заклікаў «усіх аўганцаў, маладых і старых, жанчын і мужчын» скарыстацца сваім правам голасу. У ходзе галасаваньня зарэгістраваліся 9 мільёнаў выбаршчыкаў, яны абіраюць 249 членаў парлямэнту з прыкладна двух з паловай тысяч кандыдатаў.
Падпольны рух «Талібан» і прадстаўнікі ваюючай ў рэгіёне тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» заклікалі насельніцтва байкатаваць выбары.
Каля аднаго з выбарчых участкаў у Кабуле.
Незалежная выбарчая камісія паведаміла, што ў некаторых выбарчых акругах галасаваньне будзе працягнутае на адзін дзень пасьля таго, як з прычыны тэхнічных і арганізацыйных праблем выбаршчыкі не змаглі прагаласаваць 20 кастрычніка.
Папярэднія вынікі галасаваньня чакаюцца не раней за лістапад.