Міністар аховы здароўя Расеі Вераніка Скварцова заявіла, што падчас страляніны ў Керчанскім каледжы загінулі 20 чалавек. Усіх загінулых апазналі сваякі.
«20 загінулых: 15 навучэнцаў, сярод іх 11 непаўналетніх, і пяцёра супрацоўнікаў», — сказала Скварцова журналістам.
На месцы трагедыі 17 кастрычніка
Паводле Скварцовай, асноўнай прычынай сьмерці загінулых у Керчы сталі агнястрэльныя раненьні, а ў бальніцы трапілі пацярпелыя ад выбуху «самаробнага выбуховага прыстасаваньня, начыненага велізарнай колькасьцю дробных мэталічных кампанэнтаў».
Паводле апошніх зьвестак, пацярпелі 70 чалавек, 10 зь іх знаходзяцца ў рэанімацыі, пяцёра параненых — у коме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масавае забойства ў каледжы ў Керчы. Галоўнае17 кастрычніка ў анэксаваным Крыме ў Керчы адбыўся напад на політэхнічны каледж.
У нападзе падазраюць 18-гадовага студэнта 4-га курса гэтага каледжу Ўладзіслава Расьлякова. Сьцьвярджаецца, што ён страляў з паляўнічай стрэльбы, а таксама прывёў у дзеяньне самаробнае выбуховае прыстасаваньне, а пасьля скончыў жыцьцё самагубствам. Яго знайшлі памерлым на другім паверсе каледжа.
Фота падазраванага Руслана Расьлякова
Сьледчы камітэт Расеі завёў справу аб забойстве «двух і больш асобаў агульнанебясьпечным спосабам». Першапачаткова была заведзеная крымінальная справа па артыкуле «тэракт», аднак пазьней яна была перакваліфікаваная на артыкул «забойства».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бегалі з аўтаматамі, стралялі ўсіх». Зьявіліся відэа зь месца выбуху ў каледжы КерчыПадкантрольны Крамлю кіраўнік Крыму Сяргей Аксёнаў сьцьвярджае, што юнак дзейнічаў адзін, ці былі ў яго саўдзельнікі за межамі навучальнай установы, высьвятляецца.
У анэксаваным Крыме абвешчаная трохдзённая жалоба.
На месцы трагедыі
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка выказаў спачуваньні ўкраінцам, якія страцілі дзяцей і блізкіх у Керчанскай трагедыі. Ён таксама расказаў, што ўкраінская пракуратура Аўтаномнай рэспублікі Крым пачала ўласнае расьсьледаваньне паводле артыкулу «тэракт». Украіна, растлумачыў ён, па-ранейшаму лічыць Крым сваёй тэрыторыяй, а людзей у Крыме — грамадзянамі Ўкраіны, якія жывуць пад акупацыяй. Такім чынам, Украіна расьсьледуе забойствы сваіх грамадзянаў.