ПАРЭ запатрабавала ад Расеі вярнуць абломкі самалёта Качыньскага

Абломкі самалёта прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага пад Смаленскам, красавік 2010

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы 12 кастрычніка прыняла рэзалюцыю, у якой запатрабавала ад Расеі перадаць уладам Польшчы абломкі польскага ўрадавага авіяляйнэра Ту-154, які пацярпеў крушэньне пад Смаленскам 10 красавіка 2010 году. Падчас катастрофы загінулі 96 чалавек, у тым ліку прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі, яго жонка і прадстаўнікі польскага вайсковага камандаваньня.

У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік да ўладаў Расеі ўстрымацца ад любой дзейнасьці на месцы катастрофы, якую польскі бок маг бы расцэньваць як абразьлівую для памяці ахвяр.

Рэзалюцыя заклікае Польшчу і Расею супрацоўнічаць пры расьсьледаваньні катастрофы і прыцягненьні вінаватых да адказнасьці.

У дакумэнце адзначаецца, што высновы расейскай і польскай камісій аб прычынах катастрофы супалі ў галоўным — у тым, што самалёт загінуў у выніку няшчаснага выпадку. Пры гэтым расейскі бок «ускладае ўсю адказнасьць на экіпаж самалёта», а польскі бок частку віны ускладае на дыспэтчараў, а таксама нездавальняючы стан аэрадрому ў Смаленску.

Пры гэтым яшчэ адно расьсьледаваньне, праведзенае ў Польшчы, як гаворыцца ў рэзалюцыі, паказала, што сутыкненьні зь зямлёй папярэднічалі выбухі на борце. Высоўваецца вэрсія, што самалёт мог разьбіцца ў выніку тэракту. ПАРЭ лічыць, што адмова Расеі перадаць абломкі самалёта польскім сьледчым спрыяе распаўсюджваньню ў польскім грамадзтве меркаваньня аб тым, што Маскве ёсьць што хаваць у сувязі з катастрофай.

Расейская дэлегацыя не бярэ ўдзелу ў працы ПАРЭ праз тое, што яе права голасу было прыпыненае ў сувязі з анэксіяй Крыму. Расея адмовілася плаціць унёскі ў Раду Эўропы, што можа прывесьці да яе выключэньня з арганізацыі.