РПЦ рыхтуе «жорсткі» адказ на аўтакефалію Ўкраіне. І абвесьціць яго ў Менску

Патрыярх Маскоўскі Кірыл і Ўладзімер Пуцін

У Рускай праваслаўнай царкве паабяцалі жорсткі адказ яе сынода на дзеяньні Канстантынопаля ў дачыненьні да Ўкраіны.

«Адказ будзе рашучым і жорсткім, ён будзе адэкватны той сытуацыі, якая склалася», — сказаў сакратар Аддзела зьнешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату па Міжправаслаўных адносінах протаіерэй Ігар Якімчук у інтэрвію аднаму з расейскіх каналаў, перадае Інтэрфакс.

Нагадаўшы, што паседжаньне Сынода РПЦ адбудзецца 15 кастрычніка ў Менску, сьвятар заявіў, што «вышэйшы выканаўчы орган Рускай праваслаўнай царквы дасьць належную ацэнку таму, што сёньня адбылося».

Сёньня Сынод Усясьветнага патрыярхату ўхваліў рашэньне аб наданьні аўтакефаліі (незалежнага статусу) праваслаўнай царкве ва Ўкраіне і адначасова аднавіў кананічны статус кіраўнікоў дзьвюх цэркваў — патрыярхаў Філарэта (Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату) і Макарыя (Украінская аўтакефальная праваслаўная царква).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усясьветны патрыярхат даў згоду на стварэньне ва Ўкраіне адзінай памеснай царквы

У прыватнасьці, Сынод прызнаў незаконнай анэксію Расейскай праваслаўнай царквой Кіеўскай мітраполіі ў 1686 годзе.