У цэнтры Магілёва група хлопцаў, дэманструючы, што яны глуханямыя, прапануюць мінакам купіць сьцяжкі і іншую атрыбутыку Расейскай Фэдэрацыі. Трымаюць і чырвона-зялёныя сьцяжкі, выбар якіх бяднейшы, чым расейскіх.
Пасьля падзеяў ва Ўкраіне гандляры расейскай сымболікай былі зьніклі з вуліц Магілёва. Але напярэдадні Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі, які афіцыйна пачаўся 10 кастрычніка, вярнуліся зноў.
«Прадаём, каб пражыць», — напісаў у нататніку журналіста адзін з гандляроў.
На пытаньне, адкуль ён, гандляр не адказаў. Толькі кіўком паказаў, што паважае Беларусь. Фатаграфавацца катэгарычна адмовіўся.
На паперчыне, якую гандляры даюць мінакам пачытаць, калі тыя прыпыняюцца, напісана тое самае — «прадаём, каб пражыць».
Некаторыя зь мінакоў купляюць расейскія сьцяжкі за тры рублі. Журналісту тлумачылі, што ім шкада хлопцаў, «якія і так пакрыўджаныя лёсам».
Расейскай афіцыйнай сымболікі сёньня ў Магілёве поўна — расейскімі і беларускімі сьцягамі абвешаныя ўсе ліхтарныя слупы ўздоўж цэнтральных вуліц. Лунаюць трыкалёры і на дзяржаўных будынках.