Як ва Ўкраіне працуюць захопленыя вайсковыя заводы пад кантролем груповак «ЛНР» і «ДНР»

Амаль 20 прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу засталіся на непадкантрольнай Украіне частцы Данбасу — заводы па вытворчасьці выбухоўкі, патронаў, электронікі і многае іншае. Напрыклад, на Данецкам «Тапазе» да вайны выраблялі легендарныя «Кальчугі» — станцыі радыётэхнічнай разьведкі. Як цяпер выкарыстоўваюць гэтыя заводы і ці могуць баевікі стварыць уласны ВПК? Пра гэта — у матэрыяле журналістаў праекту Радыё Свабода «Донбас. Реалии».

На патронным заводзе ў Луганску вырабляюць стралковыя патроны, а ў Данецку на заводзе хімічных вырабаў — выбухоўку для ваенных патрэбаў. Па дадзеных Галоўнага ўпраўленьня разьведкі (ГУР) мінабароны Ўкраіны, пад кантролем баевікоў знаходзіцца больш за 17 аб’ектаў абаронна-прамысловага комплексу Ўкраіны.

«У першую чаргу гэта прадпрыемствы спэцыяльнай хіміі. Гэта значыць па вытворчасьці выбуховых рэчываў для боепрыпасаў. Акрамя таго, гэта Луганскі патронны завод, а таксама прадпрыемствы па рамонце авіяцыйнай тэхнікі і электронікі», — тлумачыць галоўны навуковы супрацоўнік аддзелу вайсковай палітыкі Нацыянальнага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Бегма.

Акрамя, уласна, вайсковых заводаў, групоўкі «ЛНР» і «ДНР» актыўна выкарыстоўваюць грамадзянскія абʼекты, або, як іх называюць, прадпрыемствы падвойнага прызначэньня.

«Для рамонту цяжкой тэхнікі, для рамонту аўтамабільнай тэхнікі, для рамонту сыстэм залпавага агню і наогул усяго таго ўзбраеньня, якое знаходзіцца на тэрыторыі акупаваных раёнаў», — адзначыў прадстаўнік ГУР Украіны Вадзім Скібіцкі.

Вадзім Скібіцкі

На акупаванай частцы Данбасу засталіся ўнікальныя вытворчасьці, якія ва Ўкраіне спрабуюць аднавіць ужо некалькі гадоў. Да прыкладу, Луганскі авіярамонтны завод зараз выкарыстоўвае Расея. Праз гэта прадпрыемства летам трапіла пад украінскія санкцыі. Аказваецца, нягледзячы на вайну, для патрэбаў ВСУ завод працаваў да 2016 году — да пачатку «блякады».

«Яны былі манапалістамі па вырабе і аднаўленьне лопасьцяў для верталётаў. І, на жаль, такая сытуацыя застаецца яшчэ сёньня. Я быў вельмі зьдзіўлены, што нават цяпер працягваецца каапэрацыя. Украінскія ўзброеныя сілы адпраўлялі на Луганскі завод гэтыя лопасьці для рамонту і іх аднаўленьня», — кажа намесьнік міністра па пытаньнях часова акупаваных тэрыторый Георгі Тука.

Георгі Тука

У профільным міністэрстве запэўніваюць: на пачатку канфлікту каштоўнае абсталяваньне з Данбасу вывозілі цэлымі заводамі, разам з прадукцыяй. Напрыклад, выкралі комплекс радыёэлектроннай барацьбы «Мандат» з данецкага завода «Тапаз». Зараз візуальна прадпрыемства не мае ніякіх прыкметаў заняпаду. Да вайны там выраблялі «Кальчугі». Радыёлякацыйныя станцыі пасьпелі перавезьці ў Кіеў. А сам завод разьмясьцілі ў Запарожжы.

РЛС "Кальчуга"

«Галоўнае, пра што палявалі — гэта тэхналягічная дакумэнтацыя па вырабе, а не само абсталяваньне. На жаль, яно страчанае і трапіла, вядома, у рукі ворага. Але ёсьць прадпрыемствы, якія эвакуявалі, у тым ліку і тэхналягічную дакумэнтацыю», — адзначыў Георгій Тука.

«Рабавалі, вядома, найбольш каштоўныя рэчы. Астатняе альбо зьнішчалася, або заставалася ў такім выглядзе, каб там сёе-тое можна было выкарыстоўваць мясцовымі бандфармаваньнямі для ўласных патрэбаў», — распавядае Віталь Бегма.

Яшчэ тры гады таму групоўкі «ЛНР» і «ДНР» заявілі аб стварэньні ўласнага «абаронна-прамысловага комплексу». З тых часоў паказалі некалькі вінтовак, мінамётаў розных калібраў і дзьве рэактыўныя сыстэмы залпавага агню — «Чабурашка» і «Сьняжынка».

«Гэта проста збор асобных відаў узбраеньня з выкарыстаньнем усяго таго, што ўжо ёсьць на ўзбраеньні расейскай арміі. А наогул, так званыя „абаронна-прамысловыя комплексы“ — што „ЛНР“, што „ДНР“ — не здольныя забясьпечыць патрэбы расейскіх акупацыйных войскаў», — падкрэсьліў Вадзім Скібіцкі.

На поўную на непадкантрольнай Украіне частцы Данбасу не працуе ніводнае прадпрыемства, кажуць ва ўкраінскім міністэрстве па пытаньнях часова акупаваных тэрыторый. Маўляў, прадукцыю проста няма каму прадаваць. А разам са зьнішчэньнем і прыпыненьнем працы заводаў выехалі і іх работнікі — у Расею ці на кантраляваную ўладамі Ўкраіны тэрыторыю.