Адміністрацыя Дональда Трампа абвясьціла аб выхадзе з двух міжнародных пагадненьняў. Гэта адбылося пасьля таго, як Іран і Палестынская аўтаномія падалі ў Міжнародны суд ААН скаргу на палітыку, якую праводзяць Злучаныя Штаты.
Дарадца прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джон Болтан назваў вярхоўны трыбунал ААН «палітызаванай і неэфэктыўнай» арганізацыяй. Ён сказаў, што ЗША перагледзіць усе міжнародныя дамовы, якія могуць быць закрануты рашэньнямі Міжнароднага суда.
Днём 3 кастрычніка Міжнародны суд ААН у Гаазе задаволіў пазоў Тэгерана, загадаўшы ЗША пракантраляваць працэс прымяненьня санкцый да Ірану, жорсткасьць якіх Вашынгтон рыхтуецца ўзмацніць у наступным месяцы. У рашэньні суда гаворыцца, што санкцыі не павінны закранаць гуманітарную дапамогу і пытаньняў бясьпекі грамадзянскай авіяцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль паказаў здымак сакрэтнага ядзернага складу ў ІранеДжон Болтан дадаў, што ЗША таксама выходзяць з «дадатковага пратаколу» Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных адносінах 1961 года. Ён папярэдзіў, што Злучаныя Штаты «не будуць сядзець склаўшы рукі, у той час як супраць нас высоўваюць неабгрунтаваныя палітычныя прэтэнзіі».
Рашэньне аб выхадзе з пратаколу было прынятае пасьля таго, як у верасьні ўлады Палестынскай аўтаноміі падалі ў Міжнародны суд яшчэ адну скаргу супраць ЗША, абвінаваціўшы Вашынгтон у неправамернасьці рашэньня аб пераносе пасольства з Тэль-Авіва ў Ерусалім.
Пры гэтым Болтан падкрэсьліў, што «ЗША застаюцца ўдзельнікам Венскай канвэнцыі», і што Вашынгтон чакае ад іншых удзельнікаў канвэнцыі выкананьня ўсіх міжнародных абавязацельстваў.