Ярмошына: «Зьменаў у выбарчае заканадаўства ня будзе бязь зьмены Канстытуцыі»

Лідзія Ярмошына

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь Лідзія Ярмошына на пытаньне Свабоды пра свае пляны працы на пасадзе старшыні Цэнтарвыбаркаму адказала так: «Некаторыя называюць мяне бабкай, але па кітайскіх альбо па індыйскіх мерках я яшчэ зусім малады палітык. Можна сказаць нават непаўналетні».

Гаворачы пра будучыя парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, якія паводле закону павінны прайсьці ў 2020 годзе, спадарыня Ярмошына сказала, што па-ранейшаму прытрымліваецца думкі аб неабходнасьці разьвесьці гэтыя кампаніі: адны выбары правесьці ў 2019 годзе, другія ў 2020-м. Якія выбары будуць першымі, яна ня ведае і лічыць, што гэтае пытаньне павінен найперш вырашаць кіраўнік дзяржавы.

На думку старшыні ЦВК, падчас новай прэзыдэнцкай кампаніі будзе прыкладна 5-7 прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта.

«Хто з гэтых людзей зможа сабраць 100 тысяч подпісаў і ўвайсьці ў сьпіс кандыдатаў на прэзыдэнты, мне пакуль сказаць цяжка. Адзінае, што я думаю, што палітычным партыям ня трэба чакаць афіцыйнага старту прэзыдэнцкай кампаніі, а ўжо цяпер думаць пра тое, ці будуць яны вылучаць сваіх прадстаўнікоў на прэзыдэнцкія выбары і хто менавіта імі будзе».

Што тычыцца зьмены выбарчага заканадаўства, Лідзія Ярмошына сказала, што пакуль ніякай працы ў гэтым кірунку не вядзецца. На ейную думку, папраўкі вымагаюць зьменаў у Канстытуцыі, а для гэтага патрэбен рэфэрэндум — яго пакуль не рыхтуюць.

«Мы яшчэ на пачатку 2017 году перадалі свае прапановы кіраўніку дзяржавы. Ён сказаў, што спачатку трэба падумаць пра канцэптуальныя зьмены выбарчага заканадаўства, а ўжо потым адпрацоўваць асобныя ягоныя элемэнты. Але паколькі кіраўнік дзяржавы не выказвае свайго погляду на тое, што лічыць канцэптуальнымі зьменамі, праца для зьмены выбарчага заканадаўства пакуль не вядзецца», — сказала Ярмошына.