КНДР: адмовы ад ядзернай зброі ня будзе без «даверу» да ЗША

Саміт у Сынгапуры

Паўночная Карэя пачне ядзернае раззбраеньне толькі пасьля таго, як зможа «давяраць» Злучаным Штатам і пераканаецца, што яны не пагражаюць яе нацыянальнай бясьпекі. З такой заявай выступіў у суботу на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН міністар замежных справаў КНДР Лі Ен Хо.

Паводле кіраўніка МЗС Паўночнай Карэі, санкцыі, накладзеныя на Пхэньян з ініцыятывы ЗША, не спрыяюць узаемнаму даверу.

Лі Ен Хо пры гэтым назваў «прарывам» дамоўленасьці, якіх дасягнулі лідэры ЗША і КНДР гэтым летам на саміце ў Сынгапуры, і пацьвердзіў, што Пхэньян гатовы адмовіцца ад ядзернай зброі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША працягнулі санкцыі супраць Паўночнай Карэі яшчэ на год

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп называе сустрэчу з паўночнакарэйскім лідэрам Кім Чэн Ыном пасьпяховай, аднак Злучаныя Штаты настойваюць, што ўведзеныя супраць КНДР санкцыі павінны заставацца ў сіле, пакуль Паўночная Карэя не давядзе на справе сваё імкненьне да адмовы ад ядзернай зброі.